БЕЛ Ł РУС

Любіце піць вельмі гарачую гарбату? Рызыкуеце захварэць на рак

23.08.2025 / 6:20

Nashaniva.com

Брытанскія навукоўцы выявілі сувязь паміж рэгулярным ужываннем вельмі гарачых напояў і значным павышэннем рызыкі раку стрававода. І гэта не адзінае даследаванне з падобнымі высновамі.

Фота: Guido Mieth / Getty Images

Традыцыя піць гарачую гарбату ці каву існуе паўсюль. Даследаванні пацвярджаюць, што гарбата можа супакойваць нервовую сістэму, спрыяць канцэнтрацыі і нават зніжаць рызыку дэпрэсіі. Але калі напой пастаянна ўжываецца занадта гарачым, ён шкодзіць арганізму.

Паводле свежых даных з Вялікабрытаніі, ужо некалькі кубкаў вельмі гарачых напояў у дзень павялічваюць рызыку развіцця раку стрававода.

Як піша Fitbook.de, у лютым 2024 года былі апублікаваныя вынікі аналізу даных амаль 455 тысяч дарослых з брытанскай базы даных UK Biobank. За імі назіралі ў сярэднім 11,6 года.

Навукоўцы высветлілі: у тых, хто штодня выпіваў восем і больш кубкаў вельмі гарачых напояў, рызыка раку стрававода была ў 5,6 разу вышэйшая, чым у людзей, якія аддавалі перавагу цёплым напоям або зусім іх пазбягалі. Пры гэтым нават чатыры кубкі штодня амаль удвая павялічвалі рызыку.

Даследаванне было сканцэнтравана на пэўным тыпе анкалагічнага захворвання — плоскаклетачным раку стрававода, які з'яўляецца найбольш распаўсюджаным для гэтага органа. Ён развіваецца ў верхніх аддзелах стрававода. Для адэнакарцыномы, што часцей узнікае ў ніжнім аддзеле, залежнасці ад тэмпературы выяўлена не было.

Навукоўцы падкрэсліваюць: сутнасць не ў самім напоі. Гэта можа быць гарбата, кава ці матэ — розніцы няма. Вызначальным фактарам з’яўляецца тэмпература. Вельмі гарачыя вадкасці пастаянна раздражняюць слізістую, выклікаючы пашкоджанні тканак, якія з цягам часу могуць перарасці ў анкалагічны працэс.

Іншыя даследаванні

Гэтыя высновы пацвярджае даследаванне, праведзенае ў Тэгеранскім медыцынскім універсітэце. Навукоўцы выявілі, што павышаная рызыка ўзнікае не толькі пры ўжыванні гарбаты, але і іншых гарачых напояў, у тым ліку какавы. Пастаяннае раздражненне слізістай прыводзіць да мікрапашкоджанняў і хранічных запаленняў, што ў перспектыве можа выклікаць змены ў ДНК і стаць трыгерам для развіцця злаякасных пухлін.

Назіранне ахапіла больш за 50 тысяч чалавек ва ўзросце ад 40 да 75 гадоў. На працягу чатырох гадоў даследчыкі фіксавалі іх звычкі, а потым яшчэ дзесяць гадоў сачылі за іх здароўем. За гэты час 317 удзельнікаў захварэлі на рак стрававода, і пераважная большасць прызнавалася, што пілі гарбату тэмпературай прыблізна 70 °C.

У Турцыі, краінах Азіі і Паўднёвай Амерыцы, як і ў Іране, гарбату традыцыйна п'юць вельмі гарачай. Паводле іншага даследавання, менавіта ў гэтых рэгіёнах фіксуецца найбольшая колькасць выпадкаў раку стрававода.

Даследаванне навукоўцаў Пекінскага ўніверсітэта выявіла яшчэ больш трывожныя факты. У адрозненне ад Ірана, дзе ўжыванне алкаголю і курэнне не такія распаўсюджаныя, у кітайскіх мужчын гэтыя звычкі, наадварот, вельмі пашыраныя.

Высветлілася, што рызыка раку стрававода павялічваецца яшчэ ў пяць разоў, калі гарачая гарбата спалучаецца з ужываннем тытуню і не менш за 15 грамамі алкаголю на дзень.

Эксперты адзначаюць, што ўсе напоі, тэмпература якіх ніжэйшая за 60 °C, лічацца бяспечнымі. Таму спецыялісты раяць не спяшацца і даваць гарбаце ці каве крыху астыць — як мінімум чатыры хвіліны перад ужываннем. Такое простае правіла дапамагае пазбегнуць шкоднага ўздзеяння на слізістую стрававода і зніжае рызыку развіцця небяспечных захворванняў.

Чытайце таксама:

Плюсы і мінусы матэ

Бум на матчу па ўсім свеце: попыт расце, запасы змяншаюцца

Ці карысныя для сэрца моцная кава і гарбата

Гэты напой падтрымае імунітэт і дапаможа заснуць

Каментары да артыкула