БЕЛ Ł РУС

Уіткаф перадаў ордэн ад Пуціна намесніцы дырэктара ЦРУ — яе сын ваяваў за Расію і загінуў

21.08.2025 / 16:50

Nashaniva.com

Майкл Глос падарожнічаў па свеце, пакуль не апынуўся ў Расіі. Там ён пачаў змагацца з «заходняй гегемоніяй» і апынуўся на фронце.

Майкл Глос. Фота: асабісты архіў / «Важные истории»

Спецпасланнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф перадаў расійскі ордэн сям'і амерыканца Майкла Глоса, які ў 2024 годзе загінуў на вайне ва Украіне. 

Глос быў сынам намесніцы дырэктара ЦРУ па лічбавых інавацыях Джуліян Галіна. Ордэн Мужнасці ёй праз Уіткафа перадаў Уладзімір Пуцін. У ЗША многія каментатары назвалі гэта дыпламатычным выпадам, улічваючы высокую пасаду маці Глоса ў спецслужбах, піша CNN.

Сам Уіткаф бачыў сітуацыю інакш. Ордэн Мужнасці — гэта ўзнагарода, якая звычайна ўручаецца расійскім грамадзянам за «самаадданыя акты мужнасці і доблесці падчас надзвычайных сітуацый, катастроф і войнаў». Для Уіткафа, які страціў сына з-за перадазіроўкі апіоідамі, страта дзіцяці — гэта траўматычны досвед, які выходзіць за межы геапалітыкі. Паводле слоў крыніцы CNN, ён палічыў важным уручыць узнагароду Джуліян і яе мужу. Нават нягледзячы на тое, што іх сын загінуў, ваяваўшы за Расію.

«Яна плакала разам з мужам. Для Уіткафа гэты момант «не быў пра тое, за каго ён ваяваў, а хутчэй пра ўспаміны пра нашых дзяцей і галоўны пасыл: «Давайце скончым гэтую вайну», — расказаў высокапастаўлены чыноўнік амерыканскай адміністрацыі.

ЦРУ ў сваёй заяве адзначыла, што смуткуе разам з намесніцай дырэктара і яе сям'ёй.

«Уся сям'я ЦРУ глыбока смуткуе пра іх страту. Джуліян і яе муж паведамілі: «Мы абажалі нашага сына і аплакваем яго страту кожнае імгненне. Мы просім паважаць наша права на прыватнае жыццё ў гэты цяжкі час.

Джуліян Галіна і яе сям'я перажылі невыказную асабістую трагедыю вясной 2024 года, калі яе сын Майкл Глос, які пакутаваў на псіхічныя праблемы, загінуў, удзельнічаючы ў канфлікце ва Украіне. Для ЦРУ смерць Майкла — гэта асабістая справа сям'і Глос, а не пытанне нацыянальнай бяспекі», — заявіў прадстаўнік спецслужбы.

Уіткаф, які стаў ключавым амерыканскім перагаворшчыкам з Расіяй, у гэтым месяцы ездзіў у Маскву на сустрэчу з Пуціным, а таксама ўдзельнічаў у саміце Трампа і Пуціна на Алясцы.

21-гадовы Глос на радзіме быў экаактывістам, змагаўся за клімат і правы жанчын. У 2023 годзе ён кінуў каледж і адправіўся ў падарожжа вакол свету, якое скончылася тым, што ён падпісаў кантракт з Мінабароны Расіі і загінуў на фронце.

Чытайце таксама:

Сын намесніка дырэктара ЦРУ загінуў, змагаючыся за Расію супраць Украіны

Каментары да артыкула