БЕЛ Ł РУС

Веткаўскі музей пасля чыстак шукае новых навуковых супрацоўнікаў

21.08.2025 / 12:33

Nashaniva.com

Аднаму з вядучых беларускіх музеяў бракуе прафесійных навукоўцаў, здольных працягваць працу з унікальнай спадчынай беларускага стараабрадніцтва і традыцыйнай нацыянальнай культуры, піша Штодзень Гомель.

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава абвясціў пра пошук новых навуковых супрацоўнікаў. Установа шукае «спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, зацікаўленага ў гісторыі стараабрадніцтва, кніжнай культуры, іканапісе і беларускай традыцыйнай культуры».

Пасада прадугледжвае правядзенне экскурсій, лекцый і музейных заняткаў, удзел у стварэнні выстаў і навуковых даследаваннях. Асноўнае месца працы — філіял у Гомелі (пл. Леніна, 4а).

Заробак складае каля 1000 рублёў.

Адкрытая вакансія звязаная не толькі з натуральнай патрэбай у новых кадрах, але і з нядаўнімі чысткамі.

Так, у 2024 годзе стала вядома пра тое, што экскурсавод, навуковец, калекцыянер і супрацоўнік Веткаўскага музея Аляксандр Нікіцін быў асуджаны па пратэсным артыкуле.

Яшчэ раней, у 2023 годзе, з пасады быў звольнены былы кіраўнік музея, вядомы даследчык Пятро Цалка. На яго месца прыйшло новае кіраўніцтва, і ад таго часу ўстанову пакінула частка кваліфікаваных супрацоўнікаў.

Прычынамі называюць нізкія заробкі і адміністрацыйны ціск.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула