Зяленскі пракаментаваў магчымае месца сустрэчы з Пуціным
«Шчыра скажам, што Будапешт нас не падтрымліваў».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: АР
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што яго патэнцыйная двухбаковая сустрэча з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным павінна быць у нейтральнай Еўропе, ён таксама не супраць Турцыі, перадае «Інтэрфакс-Украіна».
«Месца сустрэчы. Мы лічым справядлівым, і еўрапейцы гэта падкрэслілі, каб сустрэча праходзіла ў нейтральнай Еўропе. Таму што ідзе вайна ва Украіне і на еўрапейскім кантыненце. Я сказаў, што мы згодныя. Швейцарыя, Аўстрыя — мы згодныя», — сказаў ён падчас размовы з журналістамі.
Гаворачы пра Турцыю як пра пляцоўку, ён растлумачыў, што гэта краіна НАТА і «частка Еўропы», таму Украіна не супраць.
Пры гэтым Зяленскі падкрэсліў, што ніякай сустрэчы ў Маскве быць не можа.
Адносна Будапешта як месца правядзення, прэзідэнт адзначыў, што «сёння гэта няпроста».
«Гэта няпроста, бо сярод усіх еўрапейскіх краін ёсць адзінства ў падтрымцы Украіны падчас гэтай вайны. І, будзем шчырымі, Будапешт нас не падтрымаў. Я не кажу, што палітыка Орбана была супраць Украіны, але яна была супраць падтрымкі Украіны», — растлумачыў ён.
Раней СМІ паведамлялі, што ў ЗША разглядаюць Венгрыю як магчымае месца правядзення саміту Зяленскага і Пуціна.