Пасылкі з Ozon затрымліваюцца. Чаму?
Беларускія пакупнікі скардзяцца, што іх пасылкі з расійскага маркетплэйсу Ozon затрымліваюцца. Кампанія абяцае, што хутка сітуацыя нармалізуецца.
Фота: mertech.ru
«Точка» расказала, што ў некаторых чытачоў парталу дастаўка з Ozon апошнім часам затрымліваецца ці пераносіцца па некалькі разоў. Блогер «Кокобай» піша, што звязана гэта з праблемамі на складах кампаніі.
Скрыншот: «Точка»
Тэлеграм-каналы пішуць, што грузавікі стаяць у чаканні адгрузкі да пяці дзён, пакупнікі адмяняюць заказы, а прадаўцы маюць страты. Усё гэта нібыта звязана з кадравым крызісам у Ozon.
Baza сцвярджае, што затрымкі даставак звязаныя з тым, што з 1 жніўня маркетплэйс цалкам адмовіўся ад паслуг аўтсорсінгавых фірмаў, але складское кіраўніцтва не паспела набраць патрэбную колькасць работнікаў.
У самім офісе кампаніі інфармацыю пра праблемы на складах абверглі, піша РБК.
«Масавых праблем на складах Ozon няма: у нас парадку 200 складоў, затрымкі паўсталі толькі на пяці аб'ектах у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Тым не менш своечасова кліентам у двух сталіцах мы дастаўляем сем з дзесяці заказаў і не бачым росту адмен заказаў», — распавялі ў прэс-службе маркетплэйса.
Ozon абяцае, што хутка праблема вырашыцца: для гэтага кампанія вывела на працу дадатковых людзей, а частку тавараў перавезла на іншыя аб'екты.