БЕЛ Ł РУС

На ўсходзе Польшчы за 100 кіламетраў ад мяжы з Украінай упаў і выбухнуў расійскі вайсковы дрон

20.08.2025 / 19:42

Nashaniva.com

У вёсцы Асіны ў Люблінскім ваяводстве Польшчы ўпаў дрон, які, паводле слоў міністра абароны Польшчы Уладзіслава Косіняка-Камыша, быў расійскага паходжання. Міністр адзначыў, што гэта чарговая правакацыя з боку Расіі.

Падчас выбуху дрона. Скрыншот з відэа

Прадстаўнік польскага МЗС паведаміў, што БПЛА быў расійскай версіяй «шахеда» з кітайскім рухавіком. Перад тым на полі ў вёсцы Асіны прагрымеў выбух. Як паведамляе Rzeczpospolita, інцыдэнт адбыўся за 100 кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 40 кіламетраў ад Варшавы.

Мясцовая паліцыя паведаміла, што паведамленне аб выбуху паступіла пасля другой гадзіны ночы ў аўторак. З людзей ніхто не пацярпеў, але ад дэтанацыі былі пашкоджаныя шыбы ў трох дамах, якія знаходзіліся непадалёк. На полі былі знойдзеныя абгарэлыя металічныя і пластыкавыя аскалёпкі. На месца здарэння прыбылі вайсковая паліцыя і эксперты.

Паводле слоў пракурора Люблінскай пракуратуры Гжэгажа Трусевіча, гэта быў вайсковы беспілотнік, а выбух адбыўся з-за выбухоўкі, якой ён быў начынены. Эпіцэнтр выбуху займаў круг дыяметрам 5—6 метраў і глыбінёй каля 50 сантыметраў. Спачатку былі версіі, што гэта мог быць цывільны дрон, які выкарыстоўвалі кантрабандысты, але з часам яны адпалі. На месцы працягваецца экспертыза з выкарыстаннем 3D-сканера і БПЛА для візуальнага агляду.

Неафіцыйна паведамляецца, што БПЛА мог быць «прыманкай» — дронам для адцягвання ўвагі сістэм СПА ад сапраўдных баявых апаратаў. Аднак, паводле аналізу польскіх радарных сістэм, паралельных парушэнняў польскай паветранай прасторы не зафіксавана.

Расследаванне інцыдэнту працягваецца, канчатковыя высновы пра паходжанне і характар БПЛА будуць зробленыя пасля ўсіх экспертыз.

«Чарговае парушэнне нашай паветранай прасторы з усходу пацвярджае, што найважнейшай місіяй Польшчы ў дачыненні да НАТА з'яўляецца абарона нашай уласнай тэрыторыі. Міністэрства замежных спраў заявіць пратэст парушальніку», — заявіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі.

Са слоў афіцыйнага прадстаўніка МЗС Польшчы Паўла Вроньскага, гэта будзе нота пратэсту, адрасаваная расійскаму боку ў сувязі з парушэннем польскай паветранай прасторы. Вроньскі падкрэсліў, што гэта стандартныя дзеянні ў падобнай сітуацыі. Ён адзначыў, што саюзнікі па НАТА праінфармаваныя пра інцыдэнт.

Чытайце таксама:

Пасля зацішша ў Гомельскай вобласці зноў пачулі дроны: што вядома

У аэрапорце Вільні ненадоўга спынялі палёты праз дрон

Расіяне атакавалі дронамі Ізмаільскі раён Адэскай вобласці — узнік моцны пажар

Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?

Каментары да артыкула