БЕЛ Ł РУС

Пярцоў паскардзіўся, што пасля некаторых прапагандысцкіх лекцый людзі перастаюць падтрымліваць уладу

20.08.2025 / 17:0

Nashaniva.com

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі збіраецца ацэньваць эфектыўнасць працы ідэолагаў.

Уладзімір Перцаў. Фота: «СБ»

Галоўны ідэолаг краіны Уладзімір Пярцоў паабяцаў вымераць эфектыўнасць працы ідэолагаў.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі расказаў, што ўжо распрацаваныя крытэрыі ацэнкі, піша «СБ».

«Намі распрацаваныя пэўныя рэперныя пункты, так званыя ключавыя паказчыкі эфектыўнасці, якія мы будзем абкатваць да канца года ў эксперыментальным рэжыме. А з наступнага года яны стануць пастаяннымі паказчыкамі, па якіх мы будзем ацэньваць працу ідэалагічнай вертыкалі», — напалохаў ідэолагаў Пярцоў.

Ён панаракаў, што прапагандысты ў рэгіёнах працуюць па накатанай, без агеньчыка і крэатыву. І адправіў ідэолагаў у сацыяльныя сеткі.

«Ёсць жаданне працаваць ужо па накатаных рэйках, чаго рабіць нельга. Ідэолаг павінен заставацца генератарам і правадніком сэнсаў, педагогам і цудоўным лектарам, ён павінен умець спалучаць у сабе ўсе гэтыя якасці. Акрамя таго, ідэолаг павінен умець працаваць у сацыяльных сетках і месенджарах, разумеючы іх алгарытмы, павінен умець аб'яднаць вакол сябе ідэалагічны актыў аднадумцаў — не толькі членаў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, але ўсіх, хто мае шчырыя пачуцці любові да нашай краіны», — заявіў Перцаў.

Галоўны ідэолаг паскардзіўся на неэфектыўнасць прапагандысцкіх лекцый на прадпрыемствах. На яго думку, лектары часам працуюць няякасна, і ў выніку лекцыі маюць адваротны эфект. То-бок людзі, паслухаўшы праўладнага аратара, перастаюць гэтую ўладу падтрымліваць.

«Неабходна вымераць эфектыўнасць падобных сустрэч. Аўдыторыі розныя, але і лектары ёсць розныя. Чалавек можа быць прафесіяналам, але слабым аратарам. На жаль, такія сустрэчы не прыводзяць да пазітыўных вынікаў, нават наадварот», — сказаў намеснік кіраўніка адміністрацыі.

Вымяраць эфектыўнасць прапагандыстаў Пярцоў прапанаваў па колькасці падпісчыкаў і гледачоў у сацыяльных сетках.

«Мы набліжаемся да вымярэння інтэрнэт-аўдыторыі, унікальных карыстальнікаў сацыяльных сетак і месенджараў, што таксама важна. Гэтыя сродкі масавай камунікацыі ў многім уплываюць на светапогляд людзей. Па-ранейшаму будуць прымяняцца сацыяльныя апытанні, сацыяльныя даследаванні — як тварам да твару, так і тэлефонныя абзвоны, сродкі электроннага кантролю, якія паказваюць лічбавую праўду», — паабяцаў Перцаў.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі запатрабаваў узмацніць прапаганду ў прыватных арганізацыях. Ён запатрабаваў, каб у прыватным сектары ствараліся не толькі ячэйкі праўладных прафсаюзаў, але і дазволеных палітычных партый. 

Чытайце таксама:

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»

Эйсмант, Радзькоў, Пярцоў і Карлюкевіч напісалі кнігу пра Лукашэнку «Наш прэзідэнт»

Пярцоў: Мы карных мераў у дачыненні да іншых рэсурсаў не праводзім

«Што гэта за мацюкі?» Лукашэнка спытаў у Пярцова, што за факультэт гуманітарыстыкі — той сказаў, што гэта «локцямі штурхацца»

Каментары да артыкула