Гомельская прапагандысцкая праграма з праслаўленнем Лукашэнкі набірае літаральна адзінкі праглядаў
Праект «Цытаты Першага» на тэлеканале Гомельскага гарвыканкама ствараюць за сродкі мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту, яго пазіцыянуюць як «гісторыю развіцця Беларусі ў тэзісах прэзідэнта». Наколькі папулярнай стала новая прапагандысцкая праграма, паглядзеў «Флагшток».
Скрыншот відэа
Праграму вядзе галоўная рэдактарка гарадскога тэлеканала Ірына Канавалава, былая кіраўніца газеты Гомельскага райвыканкама.
Да ўдзелу запрашаюць чыноўнікаў і прапагандыстаў, з якімі вядучая медытатыўна размаўляе ў паўцемры, з падсветленай у цэнтры кадра кнігай «Наш прэзідэнт». Уражанне — быццам адбываецца нейкі спірытычны сеанс.
Пасыл Канавалавай адлюстроўвае тэндэнцыю апошніх гадоў у беларускай прапагандзе: Лукашэнку імкнуцца паказваць не толькі як «мудрага лідара», але і ствараюць вобраз прарока.
«Выказванні, ацэнкі сітуацыі беларускім лідарам апярэджваюць падзеі і адлюстроўваюць дзяржаўную мудрасць, і не дарма яны разыходзяцца на цытаты», — сцвярджае вядучая.
Але, падаецца, гэтыя цытаты не цікавяць нават саміх прапагандыстаў.
Відэа Канавалавай набіраюць адзінкі праглядаў як на YouTube, так і на RuTube. Напрыклад, за чатыры дні трэці выпуск перадачы на YouTube сабраў усяго 3 прагляды, а другі выпуск на RuTube — 7 праглядаў за тыдзень.
Максімальная колькасць праглядаў — 128 — была ў самага першага роліка, апублікаванага два тыдні таму.
Праект фінансуецца за кошт адлічэнняў ад рэкламы — у Беларусі дзейнічае абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ.