БЕЛ Ł РУС

Альпіністка з Расіі ўжо тыдзень знаходзіцца на вышыні 7000 метраў: выратаваць яе не могуць, ежа ў яе скончылася

20.08.2025 / 13:58

Nashaniva.com

47-гадовая Наталля Нагавіцына, расійская альпіністка, трапіла ў драматычную сітуацыю: падчас спуску з вышэйшай кропкі Цянь-Шаня ў Кыргызстане 12 жніўня яна атрымала пералом падчас спуску. Гэта здарылася на вышыні каля 7000 метраў. Надвор'е пакуль не дазваляе ёй дапамагчы. У гэтых жа гарах чатыры гады таму памёр яе муж.

47-гадовая Наталля Нагавіцына 12 жніўня атрымала пералом падчас спуску з Піку Перамогі на вышыні каля 7000 метраў. 

На наступны дзень да Наталлі падняліся італьянец Лука і немец, якія прынеслі спальны мяшок, ежу і гарэлку, заначавалі з ёй, а потым спусціліся назад у лагер па падмогу.

Аднак наступная спроба пад’ёму скончылася трагедыяй: італьянец загінуў ад абмаражэнняў і ацёку мозгу.

У гэты ж дзень выратавальны верталёт не змог эвакуіраваць Наталлю з-за складаных умоваў надвор’я і здзейсніў жорсткую пасадку. З 10 чалавек пацярпелі двое, астатнія пачалі эвакуацыю Рамана, спадарожніка Наталлі, які стаў спускацца па дапамогу, і нямецкага альпініста.

На гэты момант вядома, што Наталля знаходзіцца ў разарваным ветрам намёце, укрытая ў спальным мяшку. Паводле кадраў з беспілотніка, яна жывая, але засталася без ежы. 

Зараз умовы надвор’я робяць эвакуацыю немагчымаю.

Чатыры гады таму ў гэтых жа гарах загінуў муж Наталлі — Сяргей Нагавіцын, які памёр ад інсульту на вышыні 6900 метраў. Тады Наталля не пакінула яго і правяла побач усю ноч, чакаючы эвакуацыі.

Пазней яна зноў паднялася на пік Хан-Тэнгры і ўстанавіла там памятную шыльду. Аб гэтай гісторыі рэжысёр Дзмітрый Сініцын зняў дакументальны фільм «Застацца з Хан-Тэнгры».

З пачатку жніўня ў гарах Кыргызстана загінулі трое замежнікаў, яшчэ некалькі чалавек атрымалі цяжкія траўмы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула