У Шчучынскім раёне жанчына папрасіла прыбраць смецце з участка, а ёй знеслі дом
Рабочыя з мясцовага калгаса павінны былі прыбраць кусты, але перастараліся.
Здымак ілюстрацыйны
Жыхарка Шчучынскага раёна папрасіла мясцовы калгас дапамагчы ёй прыбраць смецце з участка. Яна заплаціла 9 тысяч рублёў, за гэтыя грошы работнікі павінны былі прыбраць кустоўе і дрэвы. Увогуле, навесці парадак на ўчастку.
Жанчына вельмі здзівілася, калі прыйшла праверыць працу. Кустоўя і дрэў не было, як і дамовіліся. Але яшчэ работнікі чамусьці знеслі дом і іншыя пабудовы. А ўчастак адправілі пад пасеў, піша БелТА.
Гаспадыня звярнулася ў суд і пракуратуру. Там агракамбінат дамовіўся з жанчынай і пагадзіўся кампенсаваць шкоду, а таксама судовыя выдаткі.
Але на гэтым усё не скончылася. Пракуратура вырашыла разабрацца, чаму ўвогуле работнікі вырашылі знесці дом. Аказалася, такое распараджэнне аддаў начальнік філіяла агракамбіната. Якая была ў яго матывацыя, незразумела. Але пракуратура вырашыла спаганяць з яго тыя 9 тысяч рублёў за працу, якія калгас быў вымушаны вярнуць жанчыне.
У судзе дырэктар віну не прызнаў. Але суддзя абавязаў яго вярнуць грошы прадпрыемству.