Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?
Напярэдадні візіту Уладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон Украіна апублікавала фота і некаторыя тэхнічныя характарыстыкі сваёй новай крылатай ракеты «Фламінга». Як заяўляецца, яна можа ляцець на 3 тысячы кіламетраў і несці да тоны выбухоўкі. Калі гэта, а таксама тое, што гэтыя ракеты сапраўды ўжо запушчаны ў серыйную вытворчасць, адпавядае рэчаіснасці, то «Фламінга» можа стаць сур'ёзным выклікам для расійскай вайсковай прамысловасці не толькі ў еўрапейскай частцы Расіі, але і ў больш аддаленых ад Украіны рэгіёнах, піша Украінская служба Бі-бі-сі.
Дальнабойная крылатая ракета «Фламінга». Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky
18 жніўня міністр абароны Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ва Украіны ўжо ёсць дальнабойная і «вельмі магутная» зброя, дэталі пра якую раскрыюць, «калі прыйдзе належны момант».
Увечары таго самага дня выданне «Дзеркало тыжня» апублікавала відэа выпрабаванняў ракеты, якое, як сцвярджаюць аўтары, адбылося некалькі месяцаў таму.
Невядомая ракета
Выяву невядомай раней ракеты «Фламінга» апублікаваў у нядзелю ўвечары ўкраінскі фотакар Associated Press Яфрэм Лукацкі. На фота можна ўбачыць дзве крылатыя ракеты на транспартных трэйлерах.
У подпісе Яфрэм Лукацкі паведаміў, што гэтыя ракеты маюць далёкасць больш за 3 тысяч кіламетраў і ўжо вырабляюцца серыйна ўкраінскай кампаніяй Fire Point. Па даных сайта «Мілітарний», яна ж распрацавала і вырабляе ўдарныя дроны FP-1 далёкасцю да 1600 кіламетраў.
Што ж тычыцца «Фламінга», то раней паведамлялася толькі пра дроны-перахопнікі VB140 з такой назвай, вытворчасць якіх паабяцала прафінансаваць Германія.
Зрэшты, пра крылатыя ракеты «Фламінга» цяпер стала вядома ўпершыню і гэта адбылося відавочна санкцыянавана як ад вытворцы, так і ад украінскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва — улічваючы тое, што адбылося гэта напярэдадні важных перамоў Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў з Дональдам Трампам адносна перспектыў расійска-ўкраінскай вайны. Яфрэм Лукацкі дадаў, што фота ракет было зроблена яшчэ 14 жніўня «ў невядомай лакацыі ва Украіне».
З'яўленне новага тыпу ўкраінскіх ракет выклікала актыўнае абмеркаванне ў сацсетках, а з-за вонкавага выгляду — рухавіка або паветразаборніка, усталяванага ззаду і зверху корпуса ракеты, а таксама фіксаваных крылаў — яе нават пачалі параўноўваць з нямецкай «Фау-1» часоў Другой сусветнай вайны або савецкім разведвальным беспілотнікам Ту-141 «Стрыж».
Беспілотнік Ту-141 («Стрыж») савецкай распрацоўкі, з якім па вонкавым выглядзе параўноўваюць» Фламінга». Фота: Паветраныя сілы УСУ
Зрэшты, вайсковыя аглядальнікі па тым жа выглядзе і агучанай далёкасці палёту мяркуюць, што на самой справе гаворка ідзе пра ўкраінскі варыянт ракеты FP-5 ад эмірацкага Milanion Group.
FP-5 і яго характарыстыкі
Вытворца ўзбраенняў і беспілотнікаў Milanion Group са штаб-кватэрай у ААЭ яшчэ з 2021 года мае досвед супрацоўніцтва з Украінай — тады кампанія «Украінская бранятэхніка» стала дылерам яе рабатызаваных наземных васьміколавых транспартаў AGEMA UGV 8×8.
Пазней гэтыя платформы ўжо выкарыстоўваліся падраздзяленнем «Кракен» на перадавой для дастаўкі боепрыпасаў і эвакуацыі.
Самаходны мінамёт Alakran ад Milanion NTGS ва УСУ. Фота: 210-ы асобны штурмавы полк
Таксама вядома, што брытанскае падраздзяленне Milanion Group — Milanion NTGS — пастаўляе ва УСУ самаходныя 120-мм мінамёты Alakran на шасі бронемашыны VAMTAC. У лютым гэтага года Milanion Group на форуме IDEX-2025 прадэманстравала сваю новую распрацоўку — крылатую ракету FP-5.
Ракета FP-5, брашура Milanion Group
Заяўленыя характарыстыкі: далёкасць да 3 тысяч кіламетраў, вышыня палёту — да 5 кіламетраў, крэйсерская хуткасць — 850-900 км/г, максімальная хуткасць — 950 км/г, максімальны час у паветры — да 4 гадзін.
«Крылатая ракета наземнага базавання Milanion FP-5 — гэта беспілотная авіяцыйная сістэма, прызначаная для дастаўкі баявых грузаў (1000 кг) для паражэння наземных цэляў з фіксаванымі тапаграфічнымі каардынатамі на адлегласцях да 3000 кіламетраў, як днём, так і ноччу, ва ўмовах актыўных радыёперашкод», — гаворыцца ў афіцыйным апісанні.
А бельгійскі партал Army Recognition дадае, што ў камплектацыю сістэмы FP-5 акрамя самой ракеты ўваходзіць цвёрдапаліўны ракетны рухавік, наземная станцыя кіравання, камплект для транспартавання, пускавое абсталяванне і запасныя часткі.
Макет ракеты FP-5 на выставе IDEX-2025 у Абу-Дабі. Фота: Armyrecognition.com
Пры гэтым ракета патрабуе даволі шмат часу для запуску — ад 20 да 40 хвілін. Аглядальнікі ўкраінскага сайта Defense Express тлумачаць гэта свядомым выбарам Milanion Group, каб зрабіць таннейшай вытворчасць.
«Канцэптуальна FP-5 зроблена максімальна проста. Крыло не складваецца, запуск з накіроўваючай, а не транспартна-пускавога кантэйнера. Падрыхтоўка да старту занадта доўгая ў параўнанні з іншымі аналагічнымі крылатымі ракетамі — цэлых 20-40 хвілін. Але гэта якраз па цане, простасці і тэмпах вытворчасці, таму што ў Milanion Group заявілі пра магчымасць вырабляць больш за 50 такіх ракет штомесяц», — піша Defense Express.
Простая ракета супраць расійскага ВПК
Ці зможа Украіна вырабляць па паўсотні «Фламінга» ў месяц, пакуль невядома. Зрэшты, нават запуск 10-15 такіх ракет з тонай выбухоўкі па нейкім з вайсковых заводаў у глыбіні Расіі можа быць сур'ёзным выклікам для расійскага ВПК.
Далёкасць у 3 тысячы кіламетраў, калі гэтыя ракеты сапраўды будуць здольныя ляцець на такую адлегласць, дазволіць Украіне «даставаць» цэлі не толькі на памежжы Расіі, але і ва ўсёй яе еўрапейскай частцы і нават на Урале і ў Татарстане.
Напрыклад, адлегласць ад Кіева да Масквы — 750 кіламетраў. Ад Харкаўскай вобласці да Ялабугі ў Татарстане, дзе вырабляюцца «шахеды», — каля 1400 км, а з той жа Харкаўшчыны да завода «Купал» у Іжэўску (яшчэ аднаго месца вытворчасці «шахедаў») — каля 1300 кіламетраў.
Адлегласць ад Харкаўскай вобласці да электрамеханічнага завода «Купал» у Іжэўску. Фота: Google Maps
Украіна і цяпер можа дабіваць да гэтых аб'ектаў дальнабойнымі дронамі, аднак заяўленая баявая нагрузка «Фламінга» ў тысячу кілаграмаў выбухоўкі нашмат перавышае ўдарны патэнцыял беспілотнікаў.
Пытанне ў тым, наколькі расійская сістэма СПА зможа супрацьдзейнічаць новым украінскім крылатым ракетам, якія з'яўляюцца даволі вялікімі і прыкметнымі цэлямі з размахам крылаў 6 метраў і максімальнай масай пры пуску 6 тон.
У той жа час велізарныя памеры Расіі прыводзяць да таго, што выбудаваць дастаткова шчыльную сістэму супрацьпаветранай абароны, каб прыкрыць усе магчымыя цэлі ад «Фламінга», фактычна немагчыма. Асабліва калі іх сапраўды будуць вырабляць па некалькі дзясяткаў у месяц.
«Гэта сапраўды простая ракета, яе нельга параўнаць са Storm Shadow / SCALP. Але ў гэтым выпадку не патрэбныя нейкія вельмі складаныя сістэмы навядзення… Таму што трэба, найперш, знішчаць вайскова-прамысловы комплекс Расіі. А ён велізарны па памеры», — кажа вайсковы валанцёр фонду «Рэактыўная пошта» Павел Нарожны.
«І большасць гэтых заводаў мы ўжо можам паражаць таннымі дронамі, якія ляцяць нават не на хуткасці да тысячы кіламетраў, як гэтая ракета, а 200-250 км/г», — дадае ён.
А прадстаўнік згаданай кампаніі Fire Point, якую называюць украінскім вытворцам «Фламінга», у каментары агенцтву «Укрінфарм» заявіў, што яны лепшыя за амерыканскія «Тамагаўкі», з якімі іх ужо параўноўваюць як дальнабойныя крылатыя ракеты.
«Тамагаўкі», па-першае, састарэлыя, па-другое, яны па тэхнічных характарыстыках ужо нашмат горшыя. У іх абсалютна ўсё горшае, чым у сённяшніх «Фламінга». Па-трэцяе, яны, у пяць, здаецца, разоў даражэйшыя, без транспартавання і сродкаў дастаўкі», — растлумачыў ён.
«Гэта ўжо серыйная вытворчасць, гэта не прататып, а цалкам ўкраінская вытворчасць», — запэўніў прадстаўнік Fire Point.
Аднак галоўным пытаннем будзе прымяненне гэтых ракет на практыцы ў рэальных баявых умовах супраць расійскай супрацьпаветранай абароны, «аб'ектавай СПА» непасрэдна каля вайсковых заводаў і сістэм радыёэлектроннай барацьбы.
Чытайце таксама:
З'явіліся ВІДЭА, як працуе новая ўкраінская ракета «Фламінга»
Ва Украіне паказалі новую дальнабойную крылатую ракету «Фламінга»
НАТА перастане дзяліцца дэталямі вайсковай дапамогі Украіне. Зразумелі, што гэта дапамагае Пуціну