БЕЛ Ł РУС

Прапагандыстка з пула Лукашэнкі пачала працаваць яшчэ і псіхолагам

23.08.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Цяпер пасля рэпартажаў з палаца Лукашэнкі прапагандыстка Кацярына Круталевіч едзе праводзіць псіхалагічныя сесіі. 

Кацярына Круталевіч. Тут і далей фота з яе сацсетак

Кацярына Круталевіч спачатку скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Хацела трапіць на юрфак, але не атрымалася, бо сумнявалася, што здасць іспыт па матэматыцы. Таму пайшла туды, куды былі шансы паступіць. Кажа, што на першых курсах працавала афіцыянткай, перакладчыцай, раздавала флаеры.

Журналісцкую кар’еру пачынала на радыё АНТ. Распавядае, што ў эфір яе выпусцілі на паўгода пазней за астатніх праз тое, што былі пытанні па голасе. Пазней Кацярына трапіла на тэлебачанне, працавала як рэпарцёрка — шлях да месца вядучай тэленавін заняў у Круталевіч больш за 10 гадоў.

Кацярына Круталевіч у часы працы на радыё

Як шмат у каго з прапагандыстаў, кар’ера Круталевіч пайшла ўгару пасля 2020 года. Ужо ў 2021 годзе Кацярына атрымала падзяку ад Лукашэнкі. А потым і прапанову перайсці з АНТ на БТ, якую палічыла прывабнай.

На новым месцы працы Кацярына час марнаваць не стала. У 2022 годзе запусціла аўтарскі праект «Дакруцім з Круталевіч». Тэарэтычна жанчына збіралася разбураць фэйкі і выкрываць маніпуляцыі ў СМІ і блогераў, але фактычна стала распаўсюджваць наратывы беларускай прапаганды.

Кацярына таксама адна з вядучых праграмы «Час першага» на БТ, дзе распавядаюць пра будні Лукашэнкі.

У інтэрв’ю жанчына кажа пра яго з захапленнем: маўляў, і працуе той шмат, і дзяцей цудоўна выхаваў, і ў хакей гуляе… Хвалюецца, ці спіць Лукашэнка хаця б па шэсць гадзін за суткі.

На тых жа, хто ў 2020 годзе хацеў перамен, Кацярына глядзіць паблажліва.

Раней працу на прапаганду Кацярына сумяшчала з правядзеннем трэнінгаў па камунікацыі (напрыклад, для Брэсцкага аблвыканкама) і курсаў па стварэнні асабістага брэнду.

Сёлета Круталевіч атрымала дыплом псіхолага ў БДПУ імя Максіма Танка. Гэта была не паўнавартасная вышэйшая адукацыя, а перападрыхтоўка. Цяпер Кацярына актыўна запрашае на асабістыя кансультацыі.

Колькі ж каштуе тэрапія ў прапагандысткі з лукашэнкаўскага пула? За 60 хвілін Кацярына просіць 120 рублёў.

І вось з якімі пытаннямі яна прапаноўвае звяртацца: праблемы з дзелавой камунікацыяй, складанасці ў публічных выступах, калі чалавеку складана адстойваць сябе (як на працы, так і ў сям'і). Гатова працаваць і з тымі, хто заблытаўся ў жыцці і ўвесь час трывожыцца ці не адчувае шчасця.

На заняткі Кацярына запрашае таксама падлеткаў, якія адчуваюць стрэс, самотнасць, трывогу.

Сама Круталевіч прызнаецца, што больш за ўсё ёй цікава працаваць з крызіснай псіхалогіяй і кірункам дасягненняў.

Раней іншая прапагандыстка лукашэнкаўскага пула Наталля Стэльмах таксама раптоўна вырашыла «лекаваць душы» — але зусім па-іншаму. Яна з мужам з’ехала ў Мексіку, дзе цяпер арганізоўвае шаманскія абрады з наркатычнымі грыбамі і жабамі. Патэнцыйным удзельнікам абяцаюць глыбокую ўнутраную трансфармацыю, вызваленне ад эмацыйных блокаў і траўм, а таксама ачышчэнне ад назапашанага стрэсу і напружання.

Чытайце таксама:

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Кіраўніца інтэрнэт-праектаў АНТ распавяла, чаму раптоўна звольнілася ў 2022 годзе і як з'ехала ў Аўстралію

Былая супрацоўніца СТБ: Азаронак адным з першых скінуўся грашыма аператару на Акрэсціна, а Пуставы справаздачыўся маме, што паеў

Каментары да артыкула