БЕЛ Ł РУС

У Ніны Багінскай адабралі імянны гадзіннік

19.08.2025 / 16:44

Nashaniva.com

78-гадовая Ніна Багінская падала заяву ў міліцыю Першамайскага раёну Менску аб тым, што ў будынку РУУС у яе ўпотай забралі гадзіннік, паведамляюць крыніцы тэлеканала «Белсат».

Імянны гадзіннік Ніны Багінскай. Фота Любові Лунёвай

Інцыдэнт здарыўся ўчора, 18 жніўня. У РУУС было шмат людзей, якія адбылі пакаранне ці знаходзяцца на так званай «хіміі» па палітычных справах і прыйшлі, каб адзначыцца ў журнале нагляду, расказала крыніца «Белсата». 

Па словах суразмоўцы, Ніну Багінскую даставілі ва ўпраўленне супрацоўнікі міліцыі на машыне і адвялі на трэці паверх. Праз нейкі час актывістка спачатку выйшла з міліцыі, а потым туды вярнулася і паведаміла, што з кішэні курткі знік яе гадзіннік.

Ёй удалося прайсці ў той кабінет, дзе з ёй гутарыў чалавек у цывільным. Ён сказаў жанчыне, што гадзіннік не верне, бо яго адправяць на экспертызу. Выдаць Багінскай які-небудзь дакумент ці хаця б распіску пра тое, што ён забраў гадзіннік, адмовіўся.

Куртка Ніны Багінскай з надпісам з патрабаваннем вызвалення палітвязняў. Фота Любові Лунёвай

Вядома, што чалавек у цывільным назваўся Дзмітрыем Кульнісам. Пасведчанне асобы не паказаў. Акрамя таго, ён загадаў супрацоўнікам зрэзаць з курткі Багінскай надпіс з патрабаваннем вызвалення палітвязняў.

30 красавіка суд Першамайскага раёна Мінска вызваліў Ніну Багінскую ад пакарання па крымінальным артыкуле 342 за выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі, але аддаў актывістку пад прэвентыўны нагляд.

Чытайце таксама:

Ніну Багінскую ўключылі ў «спіс экстрэмістаў»

Ніну Багінскую вызвалілі без пакарання, крымінальную справу закрылі

Еўрапейскія дыпламаты прыехалі да будынка суда, дзе судзяць Ніну Багінскую

Супраць 78-гадовай Ніны Багінскай завялі крымінальную справу

Каментары да артыкула