БЕЛ Ł РУС

Як кампанія нявесткі Лукашэнкі зарабляе мільёны толькі на радыё

19.08.2025 / 14:31

Nashaniva.com

«Бюро» вывучыла бухгалтарскую справаздачнасць фірмы «Музычная частата» і высветліла, што за 2024 год яе чысты прыбытак склаў амаль 2,9 мільёна беларускіх рублёў, або амаль 820 тысяч еўра.

Ганна Сялук. Скрын відэа

49% «Музычнай частаты» кантралюе «Музычная медыякампанія». 21% знаходзіцца ва ўласнасці Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі (канцэртны зал «Мінск»). Яшчэ 30% — у дзяржпрадпрыемства «Дом прэсы», якое належыць Міністэрству інфармацыі.

Генеральная прадзюсарка «Музычнай медыякампаніі» — нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна, больш вядомая як аўтарка тэкстаў песень пад псеўданімам Ганна Сялук.

«Музычная частата» запусціла ў Беларусі дзве радыёстанцыі — «Душэўнае радыё» і «Супер FM» — і прадае там рэкламу.

Кошт рэкламнай хвіліны на «Душэўным радыё» вагаецца ад 195 да 260 рублёў.

«Супер FM», паводле звестак даследаванняў, нашмат менш папулярнае ў беларускіх радыёслухачоў — на 21-м радку, таму і расцэнкі на рэкламу больш сціплыя — 100 рублёў за хвіліну эфірнага часу.

Паводле дадзеных даследавання ЗАТ «МедыяВымяральнік» за ліпень — снежань 2024 года, «Душэўнае радыё» ўвайшло ў пяцёрку самых папулярных радыёстанцый краіны.

Акрамя рэкламных інтэграцый «Музычная частата» запусціла камерцыйны праект — «Душэўны фестываль». Ён праводзіцца ў Мінску ўжо другі год запар і ўключае ў сябе серыю з трох канцэртаў: «Душэўны шансон», «Душа народная» і рэтрадыскатэку «Танцпляцоўка».

«Бюро» таксама знайшло яшчэ адзін новы праект «Музычнай медыякампаніі» — «Радыёхіт.бай» — музычны партал і анлайн-радыёстанцыю, у эфіры якой гучаць выключна беларускія выканаўцы — пераважна артысты, раскруткай якіх займаецца прадакшн Ганны Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула