БЕЛ Ł РУС

«Адны вераць, што вернуцца, іншыя — не». Як працуе беларуская школа ў Польшчы

23.08.2025 / 17:19

Nashaniva.com

У Варшаве — і афлайн, і анлайн — больш за тры гады працуе школа, дзе спрабуюць падтрымаць у маленькіх беларусаў сувязь з Радзімай. Расказваем аб праекце, што аб'ядноўвае вучняў ад Балгарыі да Эміратаў.

Фота: bel.szkola.wawa / Instagram

Беларуская школа ў Варшаве ўзнікла ў лютым 2022 года. Яна збольшага разлічаная на дзяцей, якія апынуліся пасля 2020-га ў Польшчы і іншых краінах свету, але былі ў ёй і вучні знутры Беларусі.

Кіраўнік школы — 72-гадовы Алесь Лозка. Яшчэ ў Беларусі ён шмат гадоў працаваў у дзяржаўнай школе, спачатку настаўнікам, а потым дырэктарам. Апошняя для Лозкі пазіцыя перад эміграцыяй — кіраўнік Таварыства беларускай школы. Калі Лозка пасля 2020-га перабраўся ў замежжа, ён вырашыў, што тамтэйшым маленькім беларусам патрэбная свая, беларуская школа. 

Праблема ў тым, што ў Польшчы немагчыма адкрыць беларускую школу поўнага профілю, расказваюць «Нашай Ніве» ў самой школе:

«Па іх правілах, усе дзеці, якія прыбываюць у краіну, павінны вучыцца ў польскіх школах. Дзеці з дыяспар маюць права на пяць гадзін заняткаў на сваёй мове на тыдзень».

Фота: bel.szkola.wawa / Instagram

Фота: bel.szkola.wawa / Instagram

Таму Лозка стварыў школу, дзе можна вывучаць прадметы, якіх няма ў польскай школе. Напрыклад, беларускую мову і літаратуру, беларускую гісторыю і культуру. Дзецям даюць веды, патрэбныя для развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці, каб, калі тыя вернуцца ў Беларусь, яны не адставалі ад сваіх аднагодкаў.

Школа працуе анлайн, але ёсць і афлайн-філіялы ў Варшаве, Кракаве, Гданьску і Беластоку. Расклад — тры ўрокі на тыдзень у выпадку з анлайн-навучаннем і да пяці ўрокаў па суботах, калі дзіцё вучыцца афлайн. Але ў выпадку з афлайнам гаворка не толькі пра прадметы, звязаныя з Беларуссю. Калі бацькі жадаюць, для дзяцей арганізуюць і заняткі па іншых прадметах, і мастацкія гурткі. 

Што да анлайн-заняткаў, тут давялося падладжвацца пад розныя гадзінныя паясы, дзе жывуць вучні, бо за тры гады працы ў школе вучыліся дзеці з больш чым 20 краін свету. Бацькам прапануюць на выбар адзін з трох варыянтаў часу, калі будуць заняткі — у выніку знаходзіцца час і для вучняў з такіх далёкіх краін, як Эміраты, Інданезія ды Японія.

Фота: bel.szkola.wawa / Instagram

«Мы імкнемся прытрымлівацца праграм, напрацаваных у Беларусі, было б цяжкавата зрабіць свае праграмы і захаваць у іх сістэмнасць навучання. Глядзім па беларускай праграме, якія тэмы павінны вывучацца ў першым класе, чацвёртым, сёмым і так далей. 

Вядома, улічваем той ідэалагічны складнік, які часам прысутнічае ў беларускіх праграмах. Нашы настаўнікі ўмеюць з гэтым працаваць», — расказваюць у школе.

Цікава атрымалася з настаўнікамі. Старажылы школы ўспамінаюць, што калі тры гады таму далі аб’яву пра набор педагогаў, атрымалі больш за сто заяваў. Былі там вядомыя прозвішчы і нават людзі з навуковымі ступенямі. Давялося зрабіць конкурс сярод кандыдатаў. 

У анлайн-школе вучацца дзеці з нулявога да дзясятага класа. Што да афлайну, у мінулым годзе самым старэйшым там быў сёмы клас.

«Больш за ўсё дзяцей у нас навучаецца ў пачатковых класах. Магчыма, гэта звязана з тым, што за мяжу пераехала шмат маладых сем’яў», — заўважаюць у школе.

У пазамінулы год, калі ў школы яшчэ былі гранты на працу, атрымлівалася набраць больш за 500 вучняў — больш, чым у некаторых школ унутры Беларусі. Пазней іх колькасць трохі паменела. На заняткі афлайн у Варшаве ходзяць прыкладна паўсотні дзяцей, у драбнейшых гарадах трохі меней.

Цяпер грантаў няма, і бацькам даводзіцца плаціць за навучанне дзяцей. Адна з лічбаў — 50 злотых (каля 14 даляраў): столькі ў мінулым годзе плацілі бацькі за адну суботу ў афлайн-школе. Польскія ўлады дапамагаюць — бясплатна даюць школе памяшканні для працы з камп’ютарамі.

У школе разважаюць — магчыма, яшчэ не ўсе бацькі ведаюць, што за мяжой ёсць такі беларускі праект. Але можа быць і іншая прычына, якая ўстрымлівае запісваць дзяцей у гэтую школу:

«Адны бацькі вераць, што некалі яны з дзецьмі вернуцца на Радзіму, а некаторыя ўсё-ткі вырашылі застацца тут назаўсёды. Недзе палова бацькоў вырашылі заставацца, дык яны і аддаюць сваіх дзяцей у польскія школы. Калі б дзеці сапраўды навучаліся па-беларуску, вучылі гісторыю і культуру Беларусі, сувязь з Радзімай у іх была б».

Запісацца ў школу можна тут.

Чытайце таксама:

«Дзеці растуць з адчуваннем, што быць беларусам пачэсна, як выпускніком Гарварда». У Батумі дзейнічае беларускамоўная школа — вось як гэта працуе

У Мінску дабудавалі нетыповую школу. І па дызайне, і па спецыялізацыі

Як выглядае першы дзіцячы садок у «Зялёнай гавані», пабудаваны за $4 мільёны

Каментары да артыкула