БЕЛ Ł РУС

МЗС Расіі пракаментаваў магчымасць размяшчэння войскоўцаў краін НАТА ва Украіне

19.08.2025 / 8:34

Nashaniva.com

Лідары ЕС на сустрэчы з Дональдам Трампам у Белым доме прапаноўвалі размяшчэнне вайскоўцаў еўрапейскіх краін ва Украіне пасля заканчэння вайны як адну з гарантый бяспекі краіны. Падкрэслівалася, што гутарка не ідзе пра кантынгент НАТА. У РФ пракаментавалі прапанову. 

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Фота: МЗС РФ

Любое размяшчэнне войскаў дзяржаў НАТА ва Украіне катэгарычна непрымальнае для Расіі і пагражае рэзкай эскалацыяй, заявілі ў панядзелак у МЗС РФ.

«Пацвярджаем не раз агучаную пазіцыю аб нашым катэгарычным непрыманні любых сцэнароў, што прадугледжваюць з’яўленне ва Украіне ваеннага кантынгенту з удзелам краін НАТА, што пагражае некантралюемай эскалацыяй канфлікту з непрадказальнымі наступствамі», — гаворыцца ў каментарыі на сайце МЗС РФ.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ напярэдадні заявіў, што пытанне пра сяброўства Украіны ў НАТА «цяпер не абмяркоўваецца», але вядуцца перамовы аб магчымых гарантыях бяспекі для Кіева. Паводле яго, гэтыя гарантыі маглі б быць падобныя да механізмаў калектыўнай абароны, прадугледжаных статутам альянсу. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра «дыскусіі, якія працягваюцца», а не пра канкрэтныя рашэнні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула