Калі машыны будуць кантраляваць усё, ці не пачнуць яны ўрэшце кантраляваць і тых, хто пры ўладзе?
Кніга Юваля Ноя Харары Nexus асвяжае мозг, піша Андрусь Храпавіцкі.
Кніга Юваля Ноя Харары Nexus даступная па-англійску, па-польску і па-літоўску. Неўзабаве яна мае выйсці па-ўкраінску. На жаль, не праглядаецца беларускае яе выданне
Я даўно са скепсісам гляджу на тое, як выкладаецца практычна ў любой краіне свету прадмет гісторыі ў школах. Асабліва ў нашым рэгіёне. Школьнікам убіваюць у галовы спрошчаныя міфы, якія нярэдка маюць вельмі мала супольнага з рэальнасцю. Калі вы хочаце даведацца пра сапраўдную гісторыю, вам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца ісці ва ўніверсітэт — і лепш у магістратуру ці дактарантуру па гісторыі — або заглыбляцца самому, але для гэтага патрэбны ўнутраны компас, а лепш дапамога ад прафесійных гісторыкаў, каб адсеяць тую бздуру, якой поўняцца школьныя падручнікі.
Няма чаго здзіўляцца, што ў вачах літоўцаў прабегла чорная котка ліцвінізму. Прымітывізацыя школьнай гісторыі — гэта хвароба і беларуская, і літоўская, гэтаксама як і многіх іншых народаў.
Можа таму, калі чытаю гістарычныя кнігі, вельмі падабаецца, калі іх піша нехта «звонку», з перспектывы аўтсайдара. Для мяне гэта як глыток свежага паветра — прачытаць, скажам, тое, што пісаў Цімаці Снайдэр пра Усходнюю Еўропу. З падобнай прычыны, мне даспадобы ідэя «вялікай гісторыі», якую папулярызуе Юваль Ной Харары. Многія прафесійныя гісторыкі крытыкуюць іх абодвух за спрашчэнні і фактычныя памылкі. Але нават з памылкамі, недакладнасцямі, я б сказаў, што такія аўтары каштоўныя, бо дазваляюць глянуць на гісторыю шырэй, вырвацца за межы лакальнай перспектывы і асвяжыць сваё ўспрыняцце больш шырокім кантэкстам.
Я ўпадабаў кнігі Харары — «Sapiens», «Homo Deus» і «21 урок для XXI стагоддзя», — і таму мне было б цяжка абмінуць і новую ягоную кнігу, тым больш што я быў на яе прэзентацыі тут, у Нью-Ёрку, і маю асобнік з аўтографам.
Што можна сказаць? «Nexus» — гэта вялізны аналіз таго, як інфармацыя, у шырокім сэнсе слова, фармуе грамадствы. Юваль Харары сцвярджае, што гісторыі, якія аб’ядноўваюць людзей, дазваляюць супрацоўнічаць у маштабах, немагчымых для іншых відаў. Менавіта наратывы, а не факты, з’яўляюцца асновай для сацыяльнай згуртаванасці.
Аўтар аспрэчвае так званы «наіўны погляд на інфармацыю» — веру ў тое, што чым больш пашыраецца інфармацыі, тым больш становіцца разумення і мудрасці. Такі погляд, напрыклад, мае Ілан Маск. Маўляў, старыя медыі кепскія, яны часта перадузятыя. Давайце ўсе лепш чытайце і пішыце ў ягоную сацыяльную сетку Х. Там вы знойдзеце праўду.
Харары сцвярджае, што рэч не толькі ў колькасці, але і ў якасці інфармацыі, у тым, як яна распаўсюджваецца і як людзі яе ўспрымаюць. Ён паказвае, што гэты наіўны погляд вядзе да таго, што перамагае інфармацыя нізкай якасці і лёгкай засваяльнасці, а глыбокія, праўдзівыя рэчы застаюцца незаўважанымі.
У першай частцы «Nexus» аўтар разглядае арганічныя сеткі — чалавечыя супольнасці, арганізаваныя вакол супольных гісторыяў. Напрыклад, аўтар звяртае ўвагу на кантраст дэмакратыяў і дыктатур у тым, як у такіх сістэмах распаўсюджваецца інфармацыя. Харары перасцерагае, што з развіццём штучнага інтэлекту дыктатурам будзе значна прасцей кантраляваць і адсочваць чалавека.
У другой частцы Харары звяртае ўвагу на неарганічныя сеткі — лічбавыя сістэмы і штучны інтэлект. Ён сцвярджае, што сучасныя машыны ўжо не проста інструменты: яны могуць генераваць ідэі і дзейнічаць аўтаномна.
Разам з гэтым развіваецца небяспечная тэндэнцыя: пастаянны збор даных, масавае назіранне і знікненне прыватнасці. Сістэмы ШІ, натрэніравананыя на перадузятых даных, здольныя ўзмацняць няроўнасць або нават стаць каталізатарам гвалту, піша аўтар.
Трэцяя частка «Nexus» прысвечана будучыні палітыкі ва ўмовах глабальнай дыгіталізацыі. Дэмакратыі, паводле Харары, сёння стаяць перад сур’ёзнымі выклікамі: таргетаваная рэклама, фэйкі, алгарытмы, што падымаюць уверх скандальны і часта непраўдзівы кантэнт — усё гэта падрывае магчымасць свабоднай публічнай дыскусіі.
Аўтарытарныя рэжымы, у сваю чаргу, могуць выкарыстоўваць штучны інтэлект для татальнага кантролю. Але існуе парадокс: калі машыны будуць кантраляваць усё, ці не пачнуць яны ўрэшце кантраляваць і тых, хто пры ўладзе?
Аўтарытарныя рэжымы хочуць выкарыстоўваць штучны інтэлект для татальнага кантролю. Але магчымыя парадоксы. Ілюстрацыйнае фота AP Photo Czarek Sokolowski: беларус на Маршы свабоды 9 жніўня 2025 года ў Варшаве
Харары таксама ўводзіць паняцце «Крэмневай заслоны» — магчымай будучай лічбавай фрагментацыі свету на асобныя інфармацыйныя экасістэмы, напрыклад, амерыканскую і кітайскую.
Адна з самых цікавых канцэпцый у кнізе — іншародны інтэлект — штучны інтэлект, здольны да самастойнага мыслення. Гэта — патэнцыйна экзістэнцыйная пагроза для чалавецтва, калі яе не кантраляваць. Можа падацца, што пэўныя рэчы аўтар перабольшвае. Сучасныя сістэмы ШІ ўсё ж значна больш абмежаваныя, чым тое можа падавацца. Іншае пытанне, як блізка мы да агульнага штучнага інтэлекту. Зрэшты, вялікая шкода можа сыходзіць і ад ужо існых сістэм, пра што піша аўтар. Язык не паварочваецца назваць аўтара «думерам». Замест песіміста ці аптыміста сябе ён, хутчэй, лічыць рэалістам. Харары мяркуе, што чалавецтва валодае неабходнымі рэсурсамі і ведамі для вырашэння існых праблем, але падкрэслівае важнасць дзеянняў, а не пасіўнага спадзеву, што сітуацыя палепшае, ці адчаю ад таго, што гэтага не адбудзецца.
Погляд Харары характарызуецца моцным акцэнтам на прызнанні патэнцыйных пагроз, адначасова ён выступае за праактыўныя меры і адказнае выкарыстанне тэхналогій для фармавання больш пажаданай будучыні.
Аўтар падае шырокі гістарычны кантэкст, каб паказаць, што нават друкарскі станок або класічная бюракратыя не могуць параўнацца з уплывам сучасных тэхналогій. І хоць крытыкі часта папракаюць яго за спрошчаныя абагульненні і адсутнасць глыбіні, ён, тым не менш, прапануе глабальную, інтэгральную перспектыву, якая асабліва каштоўная ў свеце, перапоўненым лакальнымі міфамі і вузкім мысленнем.
Юваль Ной Харары, 20 сакавіка 2025. Photo by Chris Jung/NurPhoto via Getty Images
«Nexus» — не навуковая манаграфія. Можна нават сказаць, што тут больш філасофіі, чым гісторыі. Тлусты мінус Харары — у рэпетатыўнасці. Калі вы яго чыталі раней ці слухалі ягоныя публічныя прамовы, то вы, хутчэй за ўсё, сцісла знаёмыя з тым, пра што ён разгорнута піша ў гэтай кнізе. Падобная тэматыка была і ў ягоных кнігах «Homo Deus» і «21 урок для XXI стагоддзя». Там было і пра выклікі ліберальнаму светапарадку, і пра штучны інтэлект. Раней проста гэтыя небяспекі былі значна больш абстрактнымі. Цяпер жа мы ўжо фактычна жывем у тым свеце, які апісваў аўтар. Паўстае пытанне, што з гэтым рабіць. Харары шмат хто з моцных гэтага свету чытае, слухае і нават рэкамендуе. Аднак інтэлектуал вяшчае, а караван ідзе далей.
Кніга Юваля Ноя Харары Nexus даступная па-англійску, па-польску і па-літоўску. Неўзабаве яна мае выйсці па-ўкраінску. На жаль, не праглядаецца беларускае яе выданне.
* * *
Андрусь Храпавіцкі — беларус-распрацоўшчык у галіне штучнага інтэлекту, цяпер працуе ў Нью-Ёрку. Таксама ён паэт і грамадскі актывіст. Родам з Глыбокага, скончыў Полацкі ўніверсітэт.
Чытайце таксама:
Андрусь Храпавіцкі. Патрыятычны і іншыя вершы
Траіх палітвязняў асудзілі па справе ініцыятывы «письмо.бел»