БЕЛ Ł РУС

«Толікаў» можна было хоць неяк кантраляваць». Беларусы тлумачаць калапс на мяжы новым «бізнэсам»

18.08.2025 / 17:5

Nashaniva.com

На беларуска-польскай мяжы працягвае расці чарга — паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, па стане на 16.00 18 жніўня ў ёй стаяць 4480 легкавых аўто і 120 аўтобусаў. Некаторыя падарожнікі лічаць, што транспартны калапс узнік праз чарговую незаконную схему абыходу чаргі, у якой удзельнічаюць асобы з прыярытэтным правам перасячэння мяжы — у тым ліку людзі з інваліднасцю і пасажыры з дзецьмі, а таксама матацыклісты. Такімі падазрэннямі з «Люстэркам» падзяліўся адзін з чытачоў.

Фота ілюстрацыйнае

Як сцвярджае чытач «Люстэрка», асобы з інваліднасцю і людзі з дзецьмі зарабляюць на прыярытэтным праходжанні беларуска-польскай мяжы.

Паводле яго, яны падсаджваюцца ў легкавыя аўтамабілі да шлагбаўма, што дазваляе прайсці кантроль на беларускім баку ў абыход агульнай чаргі, а потым «выходзяць на мосце (праз раку Буг, якая раздзяляе Беларусь і Польшчу. — Заўв. рэд.), не перасякаючы польскай мяжы, і так па коле».

«А матацыклісты таксама зарабляюць за кошт таго, што ў агульнай чарзе ў пункце [пропуску] не стаяць. Увогуле такія паслугі каштуюць ад 250−300 еўра. Сутнасць у тым, што людзі бяруць дзяцей да трох гадоў і так курсуюць», — кажа суразмоўца, дадаўшы, што да таго ж палякі «жудасна павольна пачалі працаваць».

Падобныя падазрэнні агучваюць у памежных чатах. Там пішуць, што з пачаткам росту чаргі на мяжы пачало з’яўляцца незвычайна шмат транспартных сродкаў, якія едуць у аб’езд агульнай чаргі — у прыярытэтным парадку. У гэтым бачаць чарговую незаконную схему.

«Калі з чаргі за суткі праехала 270 машын, і з іх 100 — «прыярытэт», то лагічна, што гэта ўжо бізнэс: гандаль інвалідамі», — лічыць адзін карыстальнік.

Іншыя пішуць:

@belarusnovosti Новый вид бизнеса появился на погранпереходе “Брест”. Рекордные очереди из желающих попасть в Польшу толкают на совсем уже абсурдные решения #беларусь #новостибеларуси #границабеларусьпольша #польша #белорусы ♬ Mysterious and sad BGM(1120058) - S and N

У чатах ужо з’яўляецца мноства паведамленняў у духу «шукаю спадарожніка-інваліда або з дзіцём да трох гадоў».

Некаторыя падарожнікі дапускаюць, што гаворка можа ісці пра арганізаваную «мафію», якая нажываецца на людзях з інваліднасцю:

«Пра цэннік у 300 еўра і што бедныя інваліды хочуць зарабіць! Некалькі тыдняў таму ўзяў такога інваліда на мосце ў бок Беларусі, і вось што ён расказваў. Ён сам не мясцовы, не з Брэста і нават не з вобласці. Яго прывезлі аднекуль з Беларусі, знялі яму тут у Брэсце кватэру, прывозяць на мяжу і падсаджваюць у машыны.

На «зваротцы» расказваюць казкі пра беднага бацьку, людзей, да якіх яго падсаджваюць, просяць, каб на мосце яны знайшлі яму адразу машыну назад, каб там не стаяў. Па вяртанні ў Беларусь яго забіраюць з мяжы і вязуць на кватэру, і так па коле!

І вось цяпер пытанне, хто на гэтым больш зарабляе: інвалід ці людзі над ім? І так, ён не меў нічога, ні ДНЖ, ні візы. На пытанне чаму, адказ адзін: «А навошта, я ж нікуды выязджаць не збіраюся!»»

А адна беларуска падзялілася ўласным досведам барацьбы з такой схемай:

«Паколькі часу вольнага аказалася больш чым дастаткова, я не паленавалася прыйсці проста пад шлагбаўм на ўезд да мяжы там, дзе памежнікі, і пачала забіваць усе нумары, якія пад’язджаюць да шлагбаўма.

Два дні я стаяла з мужам па паўгадзіны. За гэты час каля 12 машын праязджае — наогул нідзе не зарэгістраваныя. Ёсць зарэгістраваныя, але тыя, якія ў чарзе 756-я і вышэй. Як выявілася, яны зарэгістраваныя ў звычайнай чарзе, а заязджаюць па «прыярытэце», дзе яны не зарэгістраваныя, а проста па факце наяўнасці асобы такой ільготнай у машыне.

Такіх машын я налічыла ў першы дзень тры. Зняла фота і відэа. З гэтым мы адразу ж звярнуліся ў «Белмытнясэрвіс», дзе пасля таго, як я паказала нашыя фота– і відэаздымкі, старшая на змене супрацоўніца, папярэдне стэлефанаваўшыся з трыма сваімі начальнікамі, пры нас выдаліла нумары з чаргі».

У чатах гучаць і іншыя заклікі змагацца з «прыярытэтчыкамі» — у прыватнасці, пісаць звароты ў афіцыйныя ведамствы і ціснуць на тое, што па законе знаходжанне старонніх асобаў на памежным пераходзе без асаблівых падстаў не дапускаецца.

Напрыклад, прапануюць такі варыянт звароту ў Дзяржпамежкамітэт і Камітэт дзяржкантролю:

«На памежным пераходзе «Брэст — Тэрэспаль», дзе дзейнічае сістэма электроннай чаргі, шырока выкарыстоўваецца незаконная схема абыходу чаргі. Асобы, якія маюць права прыярытэтнага перасячэння мяжы, за грашовую ўзнагароду падсаджваюцца або падсаджваюць іншых пасажыраў у аўтамабілі, якія праходзяць па прыярытэтнай лініі. У далейшым такія асобы не перасякаюць мяжу, а вяртаюцца назад у Беларусь.

У гэтых схемах удзельнічаюць дзеці да трох гадоў, бацькі якіх такім чынам нядобрасумленна і сквапна зарабляюць грошы. А таксама да ўдзелу прыцягваюць недзеяздольных людзей, якія маюць пасведчанне інвалідаў і не разумеюць, што робяць і дзе знаходзяцца. […] 

Гэтыя дзеянні ствараюць штучныя затрымкі, правакуюць карупцыйныя схемы, парушаюць правы грамадзян, якія чакаюць перасячэння мяжы ў электроннай чарзе, і падрываюць давер да ўстаноўленага парадку».

Ініцыятары звароту прапануюць змяніць правілы перасячэння мяжы ў Берасці.

Чытайце таксама:

Польскія пагранічнікі расказалі, колькі чалавек не пусцілі з Літвы ў Польшчу пасля аднаўлення памежнага кантролю паміж краінамі

Чарга аўто на польска-беларускай мяжы не змяншаецца

На фоне нерэальнай чаргі на выезд у Польшчу Памежны камітэт заклікае выбіраць альтэрнатыўныя шляхі выезду

Колькасць машын на польскай мяжы перавысіла чатыры тысячы

«Даехаць сям'ёй да Вільні і назад, аддаўшы больш за 1,5 тысячы рублёў — гучыць з галіны фантастыкі, але гэта ператвараецца ў рэальнасць»

Каментары да артыкула