У Гродне восем чалавек судзяць за ўдзел у дваровых чатах
Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай амаль 10 месяцаў — з канца кастрычніка 2024 года, піша «Вясна».
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Восем чалавек з Ваўкавыску абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (частка 3 арт. 361-1 КК), пішуць праваабаронцы. Па іх інфармацыі, справа звязана з дваровымі чатамі, якія ствараліся падчас пратэстаў 2020 года.
Усе фігуранты з канца кастрычніка 2024 года знаходзяцца пад вартай. Працэс, які пачаўся 11 жніўня, вядзе суддзя Зінаіда Барцэвіч.
Іншыя падрабязнасці справы невядомы.
Восенню 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па «справе дваровых чатаў», якія нібыта «спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады».
29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» дваровую кааліцыю «Ордэн», у якую ўваходзяць дваровыя чаты «Злые когтики», «Сухарево», «Сеніца2.0», «Солідарность», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «ВИЛИЯ», «Скромные матрешки», «Соседи».