Зяленскі прыбыў у Вашынгтон і зрабіў заяву
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з візітам у Вашынгтон, дзе запланавана яго сустрэча з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. У перамовах таксама прымуць удзел еўрапейскія лідары.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo / Ebrahim Noroozi, File
У сваім паведамленні ў тэлеграм-канале Зяленскі падзякаваў Трампу за запрашэнне і падкрэсліў, што імкнецца як мага хутчэй скончыць вайну. Але, на яго думку, у першую чаргу спыніць яе павінна Расія.
«Мы ўсе аднолькава хочам хутка і надзейна скончыць гэтую вайну. І мір павінен быць працяглым. Не так, як гэта было гады таму, калі Украіну прымусілі аддаць Крым і частку нашага Усходу — частку Данбаса, а Пуцін выкарыстаў гэта проста як плацдарм для новага нападу. Ці калі Украіне далі нібыта «гарантыі бяспекі» ў 1994 годзе, але гэта не спрацавала», — напісаў Зяленскі.
«Расія павінна скончыць гэтую вайну, якую сама і пачала. І я спадзяюся, што наша сумесная сіла з Амерыкай, з нашымі еўрапейскімі сябрамі прымусіць Расію да сапраўднага міру. Дзякуй!» — дадаў украінскі лідар.