Лідары ЕС далучацца да перамоваў Трампа і Зяленскага ў Белым доме
У панядзелак у Вашынгтоне адбудуцца перамовы паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, у якіх таксама возьмуць удзел кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і шэраг еўрапейскіх лідараў.
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, 13 жніўня 2025 года, Германія. Фота: Omer Messinger / Getty Images
Фон дэр Ляен паведаміла, што сустрэне Зяленскага ў Бруселі ў нядзелю пасля абеду і разам з ім вылеціць у ЗША. Яна адзначыла, што ўдзел у перамовах прымае па просьбе ўкраінскага прэзідэнта.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц таксама пацвердзіў свой удзел. Паводле яго прадстаўніка, візіт дазволіць абмеркаваць з Трампам сітуацыю пасля нядаўняй сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Алясцы. У цэнтры перамоваў будуць гарантыі бяспекі, тэрытарыяльныя пытанні і падтрымка Украіны ў супрацьстаянні з Расіяй.
Пазней таксама стала вядома, што да перамоў у Белым доме далучацца прэзідэнты Францыі Эманюэль Макрон і Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэм'еры Італіі і Вялікабрытаніі Джорджа Мелані і Кір Стармер, а таксама генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
У Стуба, Рутэ і Мелоні склаліся добрыя асабістыя адносіны з Трампам.