БЕЛ Ł РУС

Трох беларусаў вызвалілі з рабства з фермерскай гаспадаркі Варонежскай вобласці

17.08.2025 / 12:28

Nashaniva.com

У вёсцы Падкалоднаўка Варонежскай вобласці ў працоўным рабстве знаходзяцца каля 100 чалавек. Людзі працуюць на палях і ў цяпліцах, але не атрымліваюць за гэта ні капейкі. Пра вызваленне адтуль трох беларусаў паведамілі валанцёры расійскай «Альтэрнатывы». 

Калі валанцёры прыехалі ў гаспадарку адразу па некалькіх заявах, на тэрыторыю іх не пусцілі. Але ў выніку з палёў адпусцілі тых, каго валанцёры змаглі назваць па імёнах — Юрыя, Алену, Алега і Сяргея.

Юрый і Алена, грамадзяне Беларусі, пагадзіліся на прапанову папрацаваць на працягу месяца — гэта было ў маі.

Сяргей таксама прыехаў на заробкі з Беларусі. Спачатку ён чатыры месяцы працаваў у Краснадарскім краі, потым яго перавезлі ў цяпліцы ў Варонежскую вобласць. 

Кіруе гаспадаркай нейкая Надзея Васільеўна. Як распавялі сведкі, спачатку яна займалася ёю разам з мужам, цяпер ёй дапамагаюць сыны.

Арганізавана там усё наступным чынам — работнікі пастаянна знаходзяцца за плотам, у краму можна выйсці толькі ў суправаджэнні старшага, Славы, які сам набывае чалавеку прадукты ў межах вызначанай сумы — 3000 рублёў у месяц (каля 125 беларускіх рублёў).

Працаўнікоў, паводле іх расповедаў, кормяць пераважна пратэрмінаванымі прадуктамі, спробы ўцёкаў — спыняюцца і караюцца, а ў астатнім — абяцанні, што некалі абавязкова будзе зарплата і даставяць дадому.

Паводле валанцёраў, усе вызваленыя працаўнікі ўжо дома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула