Чарга аўто на польска-беларускай мяжы не змяншаецца
Учора днём чарга з аўто ўпершыню перавысіла 4000 машын. Сёння там на 8 гадзін ранку — 4160 аўто.
На 8:00 раніцы 17 жніўня на беларускім баку мяжы з Польшчай у адзіным для легкавых машын пункце пропуску «Брэст» працягваецца назапашванне транспарту. Паводле Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, у чарзе знаходзяцца 4160 легкавых аўтамабіляў і 104 аўтобусы.
ДПК раіць абіраць альтэрнатыўныя шляхі выезду. Пагранпераход «Брэст» — адзіны пераход для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на мяжы з Польшчай пасля закрыцця «Кузніцы» і «Бераставіцы».
Ёсць два пераходы на мяжы з Літвой. Там цяпер агулам стаіць 260 машын і няма чаргі з аўтобусаў.
На латвійскай мяжы ў Грыгараўшчыне чэргаў няма.