Франак Вячорка: Я б не разглядаў званок Трампа Лукашэнку як разварот ЗША ў бок Мінска
Франак Вячорка, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай, у праграме «Раніца з «Белсатам» падзяліўся меркаваннем наконт тэлефоннага званка Дональда Трампа Аляксандру Лукашэнку, перамоў Трампа і Пуціна на Алясцы ды імавернага хуткага вызвалення ў Беларусі ўсіх палітвязняў.
Франак Вячорка. Фота Офіса прэс-службы Святланы Ціханоўскай
Стыль Трампа
Паводле Франака Вячоркі, званок Трампа Лукашэнку сведчыць пра тое, што прэзідэнт ЗША вырашыў падняць стаўкі, а тэма беларускіх палітвязняў упершыню загучала на такім узроўні, бо раней Амерыка была зацікаўленая перадусім вызваленнем сваіх грамадзян.
Шмат хто быў здзіўлены тым, што Трамп раптоўна патэлефанаваў Лукашэнку ды яшчэ выказаў яму столькі кампліментаў, назваў прэзідэнтам. Аднак не варта надаваць гэтаму нейкага выключнага значэння, перакананы Вячорка.
«Мы ведаем Трампа, ведаем, што гэта ягоны стыль. Ён умее і ў пернік, і ў пугу, і ў прынцыпе не цураецца тэлефанаваць розным лідарам, у тым ліку людаедскім, і таксама выкарыстоўвае кампліменты, бо мяркуе, што гэта частка дыпламатычнага этыкету, калі ты хочаш задобрыць свайго суразмоўцу.
Вядома, гэты званок — вялізны аванс Лукашэнку. Лукашэнка радуецца, святкуе. Уся прапаганда разліваецца, што нарэшце яго прызналі. Але я думаю, мэта гэтага званка была вельмі практычная і вельмі гуманітарная, і яна супадае з нашай мэтай — вызваліць палітвязняў», — кажа старшы дарадца Святланы Ціханоўскай.
Ён нагадвае, што Трампу патрэбныя перамогі, ён хацеў бы атрымаць Нобелеўскую прэмію міру і агулам застацца ў гісторыі як чалавек, які залагоджвае крызісы. Для беларусаў жа тое, што адбываецца, — новае акно магчымасцяў, каб вызваліць людзей з турмаў. Пры гэтым Вячорка не верыць Лукашэнку, хоць мяч цяпер адназначна на баку Мінска, а дэмакратычныя сілы павінны скарыстацца з гэтай магчымасці і выціснуць з яе максімум.
Па-за традыцыйнымі канонамі палітыкі
Падчас размовы Трампа з Лукашэнкам ішла гаворка не толькі пра вызваленне палітвязняў, але і пра спыненне рэпрэсій у цэлым.
«Учора такая была храналогія: спачатку кароткі званок Лукашэнку, потым у нас былі званкі з Дзяржаўным дэпартаментам — тымі, хто адказвае за гэтыя перамовы, а потым быў званок ізноў з Лукашэнкам тых самых людзей, з якімі мы размаўлялі, дзе яны ўжо абмяркоўвалі дэталі. І пытанне спынення рэпрэсій якраз абмяркоўваецца. І мы настойваем на тым, што павінны быць вызваленыя ўсе. Кожны, хто хоча застацца, павінен мець магчымасць застацца, а не так, што ўсіх 1300 падвязуць на мяжу і выкінуць там. Павінна быць рэабілітацыя гэтых людзей і аднаўленне ў правах. І рэпрэсіі павінны быць спыненыя», — кажа дарадца Ціханоўскай.
Паводле Вячоркі, у Лукашэнкі цяпер дзве мэты: каб прызналі ды прабачылі яму ўсе злачынствы, якія ён зрабіў, і грошы. У плане прызнання пасля званка Трампа ён атрымаў самую вялікую карту, якую мог атрымаць, джокера, — кажа Вячорка.
Што да зняцця санкцый, то ніякіх рашэнняў пакуль няма: амерыканцы не спяшаюцца гэта рабіць з розных прычын. Па-першае, санкцыі трэба сінхранізаваць з еўрапейскімі. Па-другое, ідзе вайна, і зняцце санкцый адкрые новую шчыліну для Пуціна, таму пакуль іх зняцце адкладаецца, кажа Вячорка.
Таксама не ідзе гаворкі адносна вяртання амбасадара ЗША ў Мінск і агульнага змянення палітыкі ў дачыненні нашай краіны.
«Я не разглядаў бы гэтага званка як змяненне палітыкі, бо Трамп — па-за традыцыйнымі канонамі палітыкі. Ён дзейнічае імпульсіўна, хутка, дынамічна, самастойна, але тое, што ён патэлефанаваў Лукашэнку, я б не стаў успрымаць як абсалютны разварот ЗША ў бок Мінска. Калі б яны хацелі разварот, яны б абмяркоўвалі не палітвязняў, а гандаль, пастаўкі нафты, карысныя выкапні, а яны абмяркоўвалі палітвязняў. Таму відаць, што амерыканцы трымаюць каштоўнасны складнік, лінію спынення тэрору ў Беларусі як асноўную», — мяркуе старшы дарадца Ціханоўскай.
Пуцін застаўся пераможцам
На думку Вячоркі, дапамагчы легітымізавацца Лукашэнку таксама хацела б Расія, бо ёй важна правесці наступны раўнд перамоваў на сваёй тэрыторыі, а Мінск яна ўспрымае менавіта як сваю тэрыторыю. Магчыма, і Мінск, і Масква будуць «выбіваць» беларускую сталіцу як месца для трохбаковага саміту з удзелам Трампа, Пуціна і Зяленскага.
Пакуль жа, пасля саміту на Алясцы, Пуцін застаўся пераможцам, мяркуе Франак Вячорка:
«Ён атрымаў і прызнанне, і фотаздымкі, паездку ў ЗША і нават частковае прыпыненне амерыканскіх санкцый у дачыненні Расіі. Паглядзім, як далей будзе Трамп рэагаваць: працягне гульню ў задобрыванне Пуціна, каб паставіць яго на правільныя рэйкі, ці пяройдзе да больш жорсткай пазіцыі. У любым разе ніякіх дамоў без Украіны заключацца не можа і не павінна».
На думку Вячоркі, найбліжэйшымі тыднямі мы ўбачым, будзе Мінск «варушыцца» ці Лукашэнка задумаў перахітрыць Трампа, што, натуральна, таксама будзе мець наступствы як невыкананне пастаўленай умовы.
«Самае важнае, каб усе людзі атрымалі свабоду, у тым ліку свабоду застацца ці выехаць, як хто хоча. Мы на гэтым настойваем і камунікуем пра гэта з амерыканцамі, і мы ўдзячныя амерыканцам, што яны паставілі гэтае пытанне на парадак дня», — рэзюмаваў Франак Вячорка.
Чытайце таксама:
Вячорка: Паглядзім, чым закончыцца Аляска
Ціханоўская: Вызваленыя мусяць мець магчымасць застацца ў Беларусі
Зазулінская: Сродкаў на прыняцце 1300 палітвязняў можа не хапіць
Тэлефанаванне Трампа Лукашэнку: што гэта было?
«Калі ён зробіць гэта, ён стане нашым героем». Сяргей Ціханоўскі падзякаваў Трампу
Латушка: Званок Трампа Лукашэнку можа быць звязаны з магчымымі перамовамі на тэрыторыі Беларусі