Трамп прывітаў Пуціна на Алясцы бамбардзіроўшчыкамі, што бамбілі Іран
Пасля выхаду Уладзіміра Пуціна з яго самалёта Дональд Трамп не толькі патрымаў яго за руку на чырвонай дарожцы і адвёз на сваім лімузіне.
Фота: Julia Demaree Nikhinson / AP
Расійскаму лідару таксама прадэманстравалі, адначасова ненавязліва і асэнсавана, самыя сучасныя сродкі амерыканскіх ВПС, у тым ліку тыя, што зусім нядаўна наносілі ўдары па падземных бункерах у Іране, піша Moscow Times.
Пасля таго, як Трамп і Пуцін прывіталіся адзін з адным на авіябазе «Элмендорф-Рычардсан», над іх галовамі праляцелі пяць бамбардзіроўшчыкаў. А на кадрах, якія размясціў у сацыяльных сетках памочнік прэзідэнта ЗША, бачна, як лімузін, куды селі Трамп з Пуціным, праязджае міма пашыхтаваных вайсковых самалётаў і верталётаў.
Над аэрадромам праляцелі чатыры самалёты F‑35 з базы ВПС «Эйэльсан» на Алясцы і бамбардзіроўшчык‑стэлс B‑2 з базы «Уайтмен» у Місуры, распавёў CBS News знаёмы з падрыхтоўкай мініпараду амерыканскі чыноўнік.
B‑2 выкарыстоўваліся для бамбардзіроўкі ў чэрвені падземных ядзерных аб’ектаў у Іране. Туды яны вылецелі якраз з базы ў Місуры, каб ажыццявіць, як гэта ахарактарызавалі амерыканскія вайскоўцы, «найбуйнейшы аператыўны ўдар з прымяненнем B‑2 у гісторыі ЗША».
Пуцін быў здзіўлены, калі над ім праляцелі пяць самалётаў, піша вядучы аўстралійскі навінавы сайт news.com.au. Ён таксама прыводзіць каментары карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія называлі такую «дэманстрацыю перавагі» і ваеннай сілы. «Калі гэта не запужванне, то я не ведаю, як гэта назваць», — напісаў адзін. «Трамп дэманструе мастер‑клас па піяры», — адзначыў іншы.
ЗША праводзяць на Алясцы два буйныя вайсковыя вучэнні; у абодвух выкарыстоўваецца база «Элмендорф‑Рычардсан», адзначыла Financial Times. Вучэнні Arctic Edge 2025, у якіх таксама ўдзельнічаюць Вялікабрытанія і Данія, «маюць на мэце павысіць гатоўнасць, прадэманстраваць магчымасці і палепшыць аператыўную сумяшчальнасць саюзнікаў і аб’яднаных сіл у Арктыцы», гаворыцца ў заяве Паўночнага камандавання ЗША.
Іншыя вучэнні, Northern Edge, праводзяцца Інда‑Ціхаакіянскім камандаваннем ЗША і прадугледжваюць, паводле яго інфармацыі, «высокаэфектыўную, рэалістычную падрыхтоўку баявых знішчальнікаў». У гэтых вучэннях удзельнічаюць тысячы амерыканскіх вайскоўцаў, а таксама караблі і самалёты на Алясцы і ў яе ваколіцах.