БЕЛ Ł РУС

Калі саміт з Пуціным праваліцца, Трамп можа ўвесці санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»

15.08.2025 / 23:12

Nashaniva.com

ЗША разглядаюць магчымасць увядзення санкцый супраць расійскіх нафтавых гігантаў «Раснафта» і «Лукойл», калі сустрэча Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным на Алясцы не дасць прагрэсу ў пытанні перамір’я з Украінай. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Фота: Dominika Zarzycka/SOPA Images/LightRocket via Getty Image

Мэта такіх мераў — скараціць энергетычныя даходы Крамля. Паводле слоў апытаных чыноўнікаў, Трамп спадзяецца, што, калі санкцыі і будуць уведзеныя, іх дзеянне будзе кароткатэрміновым, каб мінімізаваць уплыў на сусветныя цэны.

Сярод іншых варыянтаў разглядаюцца дадатковыя абмежаванні для так званага «ценявога флоту» танкераў Масквы і новыя мытныя зборы для пакупнікоў расійскай нафты, уключаючы Кітай. Любое з гэтых рашэнняў могуць уводзіць паступова.

«Раснафта» і «Лукойл» — найбуйнейшыя вытворцы нафты ў Расіі, якія разам забяспечваюць каля паловы ўсяго экспарту сырой нафты краіны (прыблізна 2,2 мільёна барэляў у дзень у першай палове гэтага года).

Напярэдадні саміту Трамп папярэдзіў, што Пуцін сутыкнецца з сур’ёзнымі эканамічнымі наступствамі, калі не будзе зацікаўлены ў спыненні вайны ва Украіне. Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент дадаў, што ўсе варыянты санкцый застаюцца «на стале» — як для іх змякчэння, так і для ўзмацнення.

Чытайце таксама:

Перамовы паміж Трампам і Пуціным пачаліся

Трамп сустрэў Пуціна ў аэрапорце

Трамп з Пуціным памянялі фармат перамоў: сустрэчы адзін на адзін не будзе

На Флайтрадары за самалётам Пуціна сачылі 450 тысяч чалавек. А ён паляцеў на іншым

Каментары да артыкула