Прарыў расіян каля Дабраполля: ці сапраўды УСУ ўдалося нейтралізаваць пагрозу
Украінскае вайсковае камандаванне 14 жніўня заявіла пра «стабілізацыю» сітуацыі каля Дабраполля. Тут пару дзён таму адбыўся «прарыў фронту», як яго назвалі некаторыя вайсковыя аглядальнікі, калі расійскія войскі ўклініліся ва ўкраінскую абарону амаль на 10 кіламетраў. Генштабу УСУ прыйшлося тэрмінова ратаваць сітуацыю, каб не дапусціць абвальвання ўсёй абароны на поўначы Данеччыны, піша «BBC Україна».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: 93 АМБр Халодны Яр
Клін, які ў пачатку жніўня ўтварыўся на паўночны ўсход ад Пакроўска і цягнуўся аж да ўскраін Дабраполля, расійская армія стварыла не за адзін раз. Са слоў украінскіх вайскоўцаў, байцы РФ паступова праточваліся ў тыл невялікімі групамі, абыходзячы пазіцыі сіл абароны, і не мелі замацавання на новай тэрыторыі. Прэс-сакратар аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Дняпро» (былая «Хорціца») Віктар Трэгубаў параўнаў гэта з тым, як «пацукі заскочылі ў тралейбус».
«Добрая навіна заключаецца ў тым, што калі група на Х рылаў абыходзіць пазіцыі і прабягае далёка за іх перад тым, як яе спыняюць і знішчаюць — гэта не «ўзяцце тэрыторыі пад кантроль», гэтак жа як не бярэ пад кантроль тралейбус пацук, які заскочыў у салон. Прынамсі, пакуль пацукоў там не стала ў адпаведнасці з колькасцю сядзячых месцаў», — адзначыў ён.
Аднак таксама Трэгубаў падкрэсліў, што прычынай такой сітуацыі з'яўляецца недахоп асабовага складу ва УСУ.
«А гэта наводзіць на думку, што пакуль праблема недахопу асабовага складу не будзе вырашаная, пацукі яшчэ могуць заскокваць у грамадскі транспарт».
Каб вырашыць праблему з «пацукамі ў тралейбусе», Генеральны штаб тэрмінова перакінуў на Дабрапольскі кірунак дадатковыя сілы, у прыватнасці, адно з самых баяздольных падраздзяленняў — першы корпус Нацгвардыі «Азоў».
Заявы пра стабілізацыю
Па стане на раніцу 14 жніўня мясцовыя ўлады Данеччыны паведамілі пра «стабілізацыю» сітуацыі каля Дабраполля.
«Сітуацыя на Дабрапольскім кірунку стабілізаваная. Дзякуючы гераічным намаганням нашых сіл абароны лінія фронту надзейна трымаецца», — заявіў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін.
Генштаб Узброеных Сіл у сваёй штодзённай зводцы таксама кажа, што сітуацыя «стабілізуецца».
«Сітуацыя на кірунку стабілізуецца, сілы абароны прымаюць усе неабходныя меры па выяўленні і знішчэнні груп расійскіх акупантаў, якія напярэдадні праніклі ў тылавыя раёны нашай абароны. Так, за мінулыя суткі вайскоўцы адной з нашых механізаваных брыгад узялі ў палон пяць захопнікаў», — сказана ў паведамленні.
Прэс-служба першага корпуса НГУ «Азоў» апублікавала падрабязнасці правядзення гэтых мерапрыемстваў. Падраздзяленне заяўляе, што ў выніку баёў за апошнія двое сутак у паласе адказнасці корпуса ліквідавалі 151 расійскага вайскоўца, паранілі больш за 70, узялі ў палон 8 расійскіх вайскоўцаў.
Ці так гэта?
Расійскі бок даволі стрымана каментуе свой так званы «прарыў» на Дабрапольскім кірунку. Галоўныя праваенныя блогеры і тэлеграм-каналы РФ прызнаюць, што пра ўпэўнены кантроль над гэтым «клінам», які расцягнуўся ад вёскі Ніканараўка да Залатога Калодзезя, гаворка пакуль не ідзе.
«Сітуацыя на ўчастку Залаты Калодзезь — Дабраполле па—ранейшаму патрабуе ўдакладненняў: паступаюць звесткі пра магчымы прарыў УС РФ да трасы Славянск — Краматорск, а таксама пра вызваленне сяла Залаты Калодзезь, аднак аб'ектыўных пацвярджэнняў гэтаму пакуль няма», — піша тэлеграм-канал WarGonzo.
Расійскія блогеры таксама звяртаюць увагу на адсутнасць фота– і відэадоказаў прысутнасці расійскіх вайскоўцаў у населеных пунктах, якія нібыта трапілі ў зону «прарыву».
«У канцы другіх сутак з пачатку падзеі ўсё яшчэ няма ніякіх адэкватных візуальных пацвярджэнняў з месцаў пра тое, наколькі глыбока ўдалося зайсці групам расійскіх штурмавікоў і дзе ім наогул удалося замацавацца», — адзначае канал «Военный информатор».
Мінабароны РФ таксама не паведамляла пра ўзяцце пад кантроль сёлаў паблізу трасы Дабраполле — Краматорск, у прыватнасці Кучаравага Яра, Рубежнага, Вясёлага і Залатога Калодзезя, дзе нібыта сфармаваўся расейскі «клін». Аднак у зводцы за 13 жніўня ведамства паведаміла пра акупацыю сёлаў Ніканараўка і Зацішак (у расійскай версіі — «Суворава»), якія размешчаныя ў аснове гэтага «кліна» і з якіх пачынаўся прарыў арміі РФ.
Так выглядаў расійскі «прарыў» каля Дабраполля па стане на 11 жніўня
Пры гэтым Генеральны штаб УСУ ў зводцы па стане на 16:00 14 жніўня паведамляе пра баявыя дзеянні і расійскія атакі ў раёне Рубежнага і Залатога Калодзезя, якія размешчаныя на самай вярхушцы «кліна». Атрымліваецца, пакуль што расійскія вайскоўцы не выбітыя з гэтага ўчастка.
Крыніца «ВВС News Украіна» сярод каманднага складу падраздзялення УСУ, якое ваюе на гэтым участку фронту, гаворыць, што па стане на дзень 14 жніўня выяўленыя яшчэ не ўсе расійскія групы, якія пратачыліся ў тыл каля Дабраполля. Аднак першачарговая задача — прыпыненне руху праціўніка і блакаванне яго — ужо выкананая. Гэта значыць, расіян адсунулі ад трасы на Краматорск і не далі пашырыць флангі ўклінення.
Праўда, ёсць іншая небяспека. Скарыстаўшыся з перакідання падраздзяленняў сіл абароны на гэты кірунак, армія РФ можа ўдарыць у іншым месцы. Найбольш верагодна — у напрамку Канстанцінаўкі і Пакроўска.
«Тады тэрміновая «стабілізацыя» ўжо спатрэбіцца там. Але ці хопіць у нас сіл? Пытанне адкрытае», — кажа афіцэр.
Чытайце таксама:
УСУ: Сітуацыя на Дабрапольскім кірунку стабілізуецца
У 14 населеных пунктах Данецкай вобласці абвясцілі абавязковую эвакуацыю сем'яў з дзецьмі
Зяленскі паведаміў пра «добрыя навіны» і расказаў, што адбылося каля Дабраполля
«У бліжэйшыя гадзіны вырашыцца лёс 29% тэрыторыі ДНР, што засталіся пад кантролем Украіны»
Расійская армія прарвала пад Дабраполлем апошнюю капітальную лінію абароны Данбаса