БЕЛ Ł РУС

Праз змену клімату папуляцыі птушак у тропіках скараціліся на 38%

14.08.2025 / 21:52

Nashaniva.com

Навукоўцы высветлілі, што экстрэмальная спёка, выкліканая змянамі клімату, стала галоўнай прычынай скарачэння колькасці птушак у тропіках. Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Ecology & Evolution, з 1950 па 2020 год папуляцыі ў гэтым рэгіёне маглі зменшыцца на 25—38% у параўнанні з ранейшай сітуацыяй.

Жоўтагорлы тукан. Фота ілюстрацыйнае

Аналіз больш чым 3000 папуляцый птушак засведчыў, што дні з анамальна высокай тэмпературай тармозяць іх рост з-за гібелі ад перагрэву і абязводжвання, а таксама з-за няўдалага размнажэння пад стрэсам. Асабліва ўразлівыя трапічныя віды, бо яны прыстасаваныя да вузкага тэмпературнага дыяпазону і кепска пераносяць рэзкія змены.

У тропіках шкода ад спёкі аказалася нават большай, чым ад прамога ўздзеяння чалавека на прыроду, напрыклад, высякання лясоў. І гэтым тлумачыцца, чаму колькасць птушак змяншаецца нават у некранутых лясах Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

Вынікі даследавання ставяць пад сумнеў меркаванне, што для захавання відаў дастаткова толькі абараняць іх асяроддзе пражывання. Барацьба з глабальным пацяпленнем аказваецца для захавання біяразнастайнасці не менш важнай.

Чытайце таксама:

Грыбнік пайшоў у лісічкі і сустрэў «птушку-дыназаўра»

Барацьба за птушку: у краме ў Заслаўі жыве канарэйка. Гэта падабаецца не ўсім

У галасаванні за птушку 2026 года перамог чорны бусел

Каментары да артыкула