БЕЛ Ł РУС

Прыпынілі паўнамоцтвы намесніка кіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага. Яго падазраюць у харасменце

14.08.2025 / 20:25

Nashaniva.com

Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на сваім пасяджэнні 14 жніўня разгледзела сітуацыю вакол магчымых фактаў харасменту з боку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага. Паведамляецца, што з інфармацыяй пра такія абвінавачанні да праўлення звярнуўся сам Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі 2 мая 2025 года ў Вільні. Фота: БАЖ

Улічваючы сур’ёзнасць абвінавачанняў, праўленне БАЖ вырашыла распачаць разбіральніцтва.

На яго час выкананне Барысам Гарэцкім прадстаўнічых і кіруючых функцый у БАЖ прыпыняецца.

Разбіральніцтва будзе ўключаць збор інфармацыі, яе ацэнку і прыняцце праўленнем выніковага рашэння. 

Збор інфармацыі будзе рабіцца да 1 кастрычніка 2025 года ад магчымых пацярпелых ад дзеянняў Барыса Гарэцкага.

Патрэба ў разбіральніцтве ўзнікла пасля таго, як 10 жніўня Барыс Гарэцкі апублікаваў у фэйсбуку пост, у якім прызнаўся, што яго нельга лічыць «маральным ідэалам» і што некаторыя яго словы могуць разглядацца як дамаганні.

Адначасова ён падкрэсліў, што ніколі не намякаў на аддзячванне за сваю працу па падтрымцы СМІ і журналістаў і не ўдзельнічаў у сумнеўных адносінах, у тым ліку не дасылаў нікому інтымныя фатаграфіі.

У каментары выданню «Люстэрка» Барыс Гарэцкі заявіў, што пытанне трэба вырашаць сістэмна: распачаць расследаванне, стварыць працэдуры і распрацаваць палітыку арганізацыі для такіх выпадкаў.

У той жа час кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец расказаў, што ў асацыяцыі вырашылі абмеркаваць сітуацыю. На найбліжэйшым сходзе праўлення Гарэцкі прадставіць сваю версію, а арганізацыя пазней, калі будзе неабходна, падзеліцца інфармацыяй. Паводле слоў Бастунца, акалічнасці справы і прычыны публікацыі паста Гарэцкага тады былі невядомыя — магчыма, гэта была эмацыйная рэакцыя.

Чытайце таксама:

Ціханоўская пра справу Стрыжака: Тое, што зрабіў кіраўнік — не падстава разбураць фундамент

«У нас татальнае падзенне». Прадстаўніца дырэктарата Bysol пракаментавала скандал са Стрыжаком

«Гэтае гаўно трэба спыняць». Курс, Роўда, Лойка ды іншыя беларусы пра дыкпікі Стрыжака

Каментары да артыкула