«Гастрыт — не ад ежы». Мінскі гастраэнтэролаг разбурае стэрэатыпы
Гастрыт не ўзнікае ад ежы, хаця пэўныя прадукты сапраўды могуць выклікаць дыскамфорт, заявіла галоўны гастраэнтэролаг Мінска Вольга Панес.
Фота: vecteezy.com
Сярод найбольш частых пытанняў, якія задаюць пацыенты, «ці можна наесці гастрыт і ці трэба абавязкова штодня есці суп?» — распавядае загадчыца гастраэнтэрэлагічнага аддзялення №1 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, галоўны пазаштатны гастраэнтэролаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ольга Панес.
«Я адказваю: гастрыт наесці немагчыма. А вось расстройства кішэчніка, болі ў жываце, цяжар, уздутасць, адрыжка — могуць з’явіцца пасля ўжывання прадуктаў, што выклікаюць павышанае газаўтварэнне. Гэта, напрыклад, прадукты з высокім утрыманнем солі, клятчаткі — капуста, бабовыя, соя. Таму іх варта ўжываць у меру або выкарыстоўваць натуральныя сродкі для змяншэння газаўтварэння», — кажа спецыялістка.
Што датычыцца супу, то міжнародныя рэкамендацыі не змяшчаюць абавязковай умовы яго штодзённага спажывання.
Паводле слоў Вольгі Панес, балючыя адчуванні, на якія часта скардзяцца пацыенты пасля ежы, найчасцей звязаныя з дыспепсіяй — нястраўнасцю. Гэта пачуццё дыскамфорту або болю ў верхняй частцы жывата, якое суправаджаецца іншымі сімптомамі парушэння стрававання. Такім людзям раяць абмежаваць ужыванне вострых страў, маянэзу, кетчупу, фаст-фуду і газаваных напояў.
«Чыпсы, напрыклад, маюць грубую структуру і могуць механічна раздражняць слізістую абалонку, выклікаючы дыскамфорт», — кажа Панес.