Першага намесніка начальніка Белчыгункі Дулуба асудзілі на 10 гадоў калоніі
3 мільёны даляраў, якія знайшлі ў яго дома, канфіскавалі.
Вынесены прысуд першаму намесніку кіраўніка Белчыгункі Пятру Дулубу. Яго абвінавачвалі ў атрыманні хабару (артыкул 430 Крымінальнага кодэкса) і бяздзеянні (артыкул 425).
Дулуб атрымаў прысуд 11 гадоў калоніі, але адзін год зрэзала амністыя.
Па даных абвінавачання, Дулуб з дапамогай прыватнай лагістычнай кампаніі арганізаваў за хабар транзіт вугалю з Казахстана ў Польшчу праз Беларусь, хаця гэта шкодзіла інтарэсам чыгункі. Таксама ён за хабар дазваляў прыватным кампаніям карыстацца вагонамі, якія належаць БЧ.
Дулуба затрымалі ў чэрвені 2024 года.
Паводле міліцыі, атрыманы ім хабар быў адзін з самых вялікіх у Беларусі. Дома ў Дулуба знайшлі $3 мільёны. Яны канфіскаваныя.