Трамп хоча прапанаваць Пуціну за спыненне вайны рэдказямельныя мінералы
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча прапанаваць расійскаму лідару Уладзіміру Пуціну распрацоўку рэдказямельных мінералаў на Алясцы і зняцце забароны на пастаўку запчастак для расійскіх самалётаў. Пра гэта гавораць крыніцы выдання The Telegraph у брытанскім урадзе.
Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images
Як сцвярджаюць крыніцы, «такія стымулы могуць быць прымальныя для Еўропы», калі яны пры гэтым «не будуць успрынятыя як узнагароджанне для Пуціна».
Як піша The Telegraph, Аляска мае значныя запасы прыродных рэсурсаў, у тым ліку 13% сусветных запасаў нафты.
Акрамя таго, Трамп нібыта можа абмяркоўваць з Пуціным умовы распрацоўкі рэдказямельных і іншых карысных выкапняў на тэрыторыях Украіны, якія цяпер знаходзяцца пад расейскай акупацыяй.
Па словах крыніц, разглядаецца варыянт надання Расіі долі ў распрацоўцы ўкраінскіх радовішчаў літыя, графіту, тытана, урана і іншых стратэгічных матэрыялаў. Паводле ацэнак экспертаў, Украіна валодае каля 10% сусветных запасаў літыя, аднак два найбуйнейшыя радовішчы гэтага мінерала знаходзяцца ў акупаваных Расіяй раёнах.
Да падрыхтоўкі сустрэчы прыцягнуты сярод іншых міністр фінансаў ЗША Скот Бесент, якому даручана прааналізаваць, якія эканамічныя саступкі Расіі могуць паскорыць падпісанне пагаднення аб спыненні агню.
Чытайце таксама:
У расійскім МЗС патлумачылі, з якой пазіцыяй Пуцін паедзе на Аляску
ЗША працуюць над месцам сустрэчы Трампа, Пуціна і Зяленскага ў канцы наступнага тыдня
Прыярытэт — спыненне агню. Зяленскі і еўрапейскія лідары паразмаўлялі з Трампам