Трамп пагражае Пуціну «сур'ёзнымі наступствамі», калі той адмовіцца спыніць вайну пасля саміту на Алясцы
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што калі на прызначаным на пятніцу саміце на Алясцы Уладзімір Пуцін адмовіцца спыніць вайну ва Украіне, гэта пацягне за сабой «вельмі сур’ёзныя наступствы». Ён падкрэсліў, што такія меры будуць непазбежнымі, адказваючы на пытанне журналіста падчас брыфінгу.
Дональд Трамп. Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Трамп дапусціў, што пры паспяховым выніку перамоў з Пуціным можа адбыцца трохбаковая сустрэча з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Аднак ён адзначыў, што калі «не атрымае неабходных адказаў» ад расійскага лідара, то другой сустрэчы не будзе.
Пры гэтым Трамп прызнаў, што сумняецца ў магчымасці пераканаць Пуціна спыніць вайну, згадаўшы, што пасля нібыта добрых размоў з ім бачыў новыя атакі і гібель людзей.
Амерыканскі лідар высока ацаніў свой сённяшні дыялог з Зяленскім і еўрапейскімі кіраўнікамі — «10 балаў з 10». Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт паведаміў, што ў выпадку правалу перамоў Вашынгтон можа ўзмацніць санкцыі супраць Расіі і павялічыць другасныя тарыфы для яе гандлёвых партнёраў, заклікаўшы ЕС далучыцца да гэтых мер.
Напярэдадні сустрэчы з Пуціным Трамп правёў відэаканферэнцыю з Зяленскім і лідарамі Еўропы. Паводле слоў Зяленскага, Трамп гатовы даць Кіеву гарантыі бяспекі ў межах магчымай мірнай дамовы. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон дадаў, што Трамп заявіў: тэрытарыяльныя пытанні будуць абмяркоўвацца толькі пры ўдзеле Украіны.
Сустрэча Трампа і Пуціна запланаваная на 15 жніўня і пройдзе ў Анкорыджы на Алясцы. Напярэдадні яе ЗША часова знялі з Расіі абмежаванні на фінансавыя транзакцыі, звязаныя з падрыхтоўкай да саміту. Паслабленне дзейнічае да 20 жніўня 2025 года і ахоплівае толькі меры, якія непасрэдна звязаныя з сустрэчай Трампа і Пуціна. Яно не прадугледжвае размарожвання замарожаных актываў або зняцця санкцый.
Чытайце таксама:
У расійскім МЗС патлумачылі, з якой пазіцыяй Пуцін паедзе на Аляску
ЗША працуюць над месцам сустрэчы Трампа, Пуціна і Зяленскага ў канцы наступнага тыдня
Прыярытэт — спыненне агню. Зяленскі і еўрапейскія лідары паразмаўлялі з Трампам