Кітайскія аўтамабілі-гібрыды моцна апраменьваюць карыстальнікаў
Паводле новага даследавання расійскіх вучоных, узровень электрамагнітных палёў у адной з папулярных мадэляў кітайскіх гібрыдных аўтамабіляў перавышае ўстаноўленыя нормы ў восем разоў.
Ілюстрацыйнае фота: зборачная лінія кітайскіх аўтамабіляў. Фота Tan Yunfeng / VCG via Getty Images
Гібрыдныя і электрычныя аўтамабілі ўпэўнена заваёўваюць дарогі свету. Іх лічаць транспартам будучыні — экалагічным і ціхім. Аднак за бліскучым фасадам інавацый хаваецца пытанне, якое ўсё часцей турбуе навукоўцаў і ўладальнікаў: ці бяспечныя гэтыя аўто для нашага здароўя? Гаворка ідзе пра электрамагнітнае выпраменьванне, узровень якога ў сучасных машынах можа значна перавышаць бяспечныя нормы.
У аўтамабілях з рухавіком унутранага згарання асноўнымі крыніцамі электрамагнітнага выпраменьвання з’яўляюцца генератар, сістэма запальвання (свечкі, размеркавальнік), электроніка і іншае электраабсталяванне. Іх праца звычайна мае імпульсны характар і залежыць ад цыклу рухавіка.
У гібрыдных аўтамабілях галоўнымі крыніцамі электрамагнітных палёў з’яўляюцца цягавы электрарухавік, літый-іённыя акумулятары, інвертары і зарадныя прылады. Па сілавых кабелях могуць праходзіць токі ў сотні ампер, што стварае больш інтэнсіўныя палі, чым у большасці аўто з рухавіком унутранага згарання.
Праблема электрамагнітнага выпраменьвання ў аўтамабілях не навіна. Яшчэ ў 2002 годзе адзін са шведскіх часопісаў правёў экспертызу і выявіў нечакана высокі ўзровень электрамагнітнага выпраменьвання нават у звычайных бензінавых аўто.
З ростам папулярнасці гібрыдных аўто некаторыя кіроўцы пачалі скардзіцца на незвычайныя сімптомы: галаўны боль, павышаны ціск, санлівасць за рулём. Самыя дапытлівыя набывалі дэтэктары магнітных палёў і з жахам бачылі, што лічбы на прыборах зашкальваюць.
У 2023 годзе ўкраінскія вучоныя з Харкаўскага нацыянальнага аўтамабільна-дарожнага ўніверсітэта на аснове замераў выбудавалі своеасаблівы «рэйтынг небяспекі». Узровень выпраменьвання ў электрамабілі аказаўся ўдвая вышэйшым, чым у звычайным аўто з рухавіком унутранага згарання.
Аднак «чэмпіёнам» стаў гібрыд: у ім поле аказалася яшчэ мацнейшым, чым у чыстым электракары. Больш за тое, для гібрыдаў была выяўлена прамая залежнасць: чым хутчэй едзеш, тым мацнейшае выпраменьванне.
Цяпер жа вучоныя з Пермскага нацыянальнага даследчага політэхнічнага ўніверсітэта ў Расіі вырашылі праверыць інфармацыю карыстальнікаў аб шматразовым перавышэнні значэння электрамагнітнага поля ў гібрыдных аўтамабілях кітайскай маркі LiXiang.
Яны правялі эксперымент, падчас якога замерылі электрычныя і магнітныя палі, што ўзнікаюць у кітайскім аўтамабілі LiXiang Li 9 падчас разгону, тармажэння і стаянкі. Сваімі вынікамі яны падзяліліся на старонках часопіса «Транспарт. Транспартныя збудаванні. Экалогія».
Паводле вынікаў, максімальныя паказчыкі былі зафіксаваныя пры разгоне: напружанасць электрычнага поля дасягала 200 В/м — гэта ў восем разоў вышэй за бяспечную норму.
Пры тармажэнні фіксаваліся значэнні 50—100 В/м, а ў стане спакою — 0—10 В/м. Па нормах СанПіН максімальна дапушчальным лічыцца электрычнае поле 25—40 В/м; паказчыкі 100—200 В/м сведчаць пра негатыўны ўплыў, а 200 В/м і больш прызнаюцца небяспечнымі для здароўя.
На думку даследчыкаў, пры працяглым уздзеянні электрамагнітных палёў магчымы назапашвальны эфект, што павышае рызыку неўралагічных парушэнняў, дэпрэсіі, а таксама анкалагічных захворванняў.
Аўтары адзначаюць, для змяншэння выпраменьвання вытворцам неабходна выкарыстаць дадатковыя меры бяспекі. Магчымыя рашэнні — выкарыстоўваць спецыяльныя экранаваныя матэрыялы, ставіць новыя фільтры перашкод і аптымізоўваць дызайн электронікі.
Загадзя выявіць і ліквідаваць небяспечныя зоны яшчэ на стадыі праектавання, паводле меркавання вучоных, можа дапамагчы камп’ютарнае мадэляванне.
Чытайце таксама:
У Беларусь вяртаецца буйны кітайскі брэнд аўто
Стала вядома, якія рэгіёны Беларусі самыя аўтамабілізаваныя
Расія выпрабоўвае электрамагнітныя гарматы: што гэта за зброя і чым яна страшная