БЕЛ Ł РУС

У расійскім МЗС патлумачылі, з якой пазіцыяй Пуцін паедзе на Аляску

13.08.2025 / 20:34

Nashaniva.com

Намеснік дырэктара Дэпартамента інфармацыі і друку расійскага МЗС Аляксей Фадзееў паведаміў на брыфінгу ў Маскве, што тэрытарыяльнае ўладкаванне Расіі замацавана ў канстытуцыі краіны.

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor Getty Image

Так Аляксей Фадзееў адказаў на просьбу пракаментаваць пазіцыю Масквы адносна магчымасці абмеркавання «абмену тэрыторыямі» з Кіевам падчас перамоў Уладзіміра Пуціна з Дональдам Трампам 15 жніўня на Алясцы.

«Тут, напэўна, не трэба нават вынаходзіць чагосьці. Тэрытарыяльнае ўладкаванне Расійскай Федэрацыі замацавана ў канстытуцыі нашай краіны. Гэтым усё сказана», — сказаў Фадзееў.

Дыпламат дадаў, што мэты расійскай дэлегацыі на перамовах з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на Алясцы, якія адбудуцца 15 жніўня, «дыктуюцца выключна нацыянальнымі інтарэсамі».

Як вядома, у Расіі насуперак міжнароднаму праву прынялі рашэнне аб афіцыйным уключэнні Крыма і чатырох украінскіх абласцей у свой склад, унёсшы адпаведныя змены ў канстытуцыю краіны. Пасля таго расійскія ўлады заяўляюць, што не пойдуць на тэрытарыяльныя саступкі і патрабуюць міжнароднага прызнання анексаваных тэрыторый за сабой, настойваючы на поўным вывадзе з іх украінскіх войскаў.

Гэтыя патрабаванні былі ўключаныя ў расійскі варыянт мемарандума аб спыненні агню, прадстаўлены на перамовах у Стамбуле ў чэрвені. У пачатку жніўня 2024 года Пуцін пацвердзіў, што агучаныя ім раней умовы ўрэгулявання канфлікту застаюцца нязменнымі.

Чытайце таксама:

ЗША працуюць над месцам сустрэчы Трампа, Пуціна і Зяленскага ў канцы наступнага тыдня

Прыярытэт — спыненне агню. Зяленскі і еўрапейскія лідары паразмаўлялі з Трампам

Трамп: Калі б я атрымаў Маскву і Ленінград у выніку ўгоды з Расіяй, СМІ напісалі б, што гэта дрэнная здзелка

Украіна мае пяць ключавых патрабаванняў у рамках урэгулявання вайны

Сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца на вайсковай базе ЗША на Алясцы

Каментары да артыкула