БЕЛ Ł РУС

Мінабароны Беларусі прапанавала Польшчы аднавіць вайсковае супрацоўніцтва. Там нагадалі пра міжнародныя нормы

13.08.2025 / 17:31

Nashaniva.com

Журналіст польскага выдання RMF24 Кшыштаф Засада азнаёміўся з перапіскай беларускага Міністэрства абароны з польскім МЗС і расказаў, пра што там ішла гаворка. 

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін

У чэрвені Міністэрства абароны Беларусі накіравала Польшчы прапанову аднавіць дыялог пра бяспеку і стабільнасць у рэгіёне, папярэдзіўшы, што адсутнасць размоў можа прывесці да «новай вайны ў Еўропе», у тым ліку на тэрыторыі Беларусі і Польшчы.

МЗС Польшчы адказала катэгарычнай адмовай, патлумачыўшы, што апошнія чатыры гады Беларусь вядзе супраць Польшчы варожыя гібрыдныя дзеянні, у тым ліку арганізаваныя сітуацыі на мяжы. Таксама Мінск падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны і дазволіў выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападаў, у выніку якіх гінуць мірныя людзі і разбураецца інфраструктура.

Польскі бок падкрэсліў, што вайсковае супрацоўніцтва патрабуе выканання мінімальных міжнародных нормаў і ўзаемнага даверу, чаго цяпер няма, таму «няма прасторы» нават для пачатку перамоў.

Пасля атрымання гэтага адуказу у Беларусі апублікавалі заяву начальніка Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь Валерыя Равенкі. У ёй выказвалася занепакоенасць ростам вайсковых выдаткаў Польшчы, будаўніцтвам умацаванняў у межах праекта «Шчыт Усходу», канцэнтрацыяй каля мяжы 11 тысяч вайскоўцаў і магчымым выхадам Варшавы з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін. У Мінску заявілі, што яго ініцыятыва дыялогу была, маўляў, праігнараваная і абвінаваціў Польшчу ў выкананні «загадаў з-за мяжы», накіраваных на эскалацыю канфлікту.

Беларускі бок заклікаў Польшчу зрабіць «правільны выбар» на карысць міру і бяспекі, заявіўшы пра гатоўнасць вярнуцца да ранейшых пагадненняў і пашырыць меры празрыстасці і даверу.

Чытайце таксама:

Мінабароны назвала мэту беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025»

На вучэннях «Захад-2025» адпрацуюць планаванне прымянення ядзернай зброі і «Арэшніка»

У Генштабе зрабілі заяву адносна вучэнняў «Захад-2025»

Хрэнін пра вайсковыя зборы: Фіксуем беспрэцэдэнтнае жаданне людзей

Каментары да артыкула