БЕЛ Ł РУС

Пацеркі з марскіх лілей, якім сотні мільёнаў гадоў. На Беларусі тысячагоддзямі рабілі ўпрыгажэнні з акамянеласцей

14.08.2025 / 7:0

Ф. Раўбіч

Сёння марскія лілеі ў выглядзе скамянелых рэшткаў можна сустрэць толькі ў музеях, але тысячы гадоў таму нашыя продкі бачылі ў гэтых старажытных артэфактах выдатны матэрыял для стварэння ўпрыгажэнняў.

Акамянелая марская лілея. Фота: тэлеграм-канал «Першабытная археалогія ў кантэксце»

Пра ўпрыгажэнні з незвычайнага матэрыялу распавядае тэлеграм-канал «Першабытная археалогія ў кантэксце», які вядзе археолаг Аляксандр Вашанаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Эстэтычныя акамянеласці

Марскія лілеі (Crinoidea) — гэта старажытныя марскія жывёлы, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў палеазойскую эру, сотні мільёнаў гадоў таму. Марскія лілеі не вымерлі, яны дагэтуль жывуць у марах па ўсім свеце. Іх найбліжэйшыя сваякі — марскія зоркі і марскія вожыкі. 

Акамянелыя фрагменты сцёблаў марскіх лілей у выглядзе зорачак, знойдзеныя ў штаце Юта. Фота: Wikimedia Commons

Парэшткі старажытных марскіх лілей дайшлі да нас толькі ў выглядзе акамянеласцей, незвычайны выгляд якіх здаўна рабіў іх прывабнымі для людзей.

На тэрыторыі Беларусі знаходкі акамянеласцей марскіх лілей прымеркаваны да краявых ледавіковых утварэнняў і азёр. Нашы продкі пабачылі ў іх выдатны матэрыял для рамяства. 

Выкарыстанне пацерак з марскіх лілей на Беларусі ахоплівае неверагодна доўгі часавы адрэзак — з канца палеаліту да ранняга жалезнага веку. Гэта значыць, што розныя супольнасці на нашых землях працягвалі выкарыстоўваць адзін і той жа матэрыял на працягу дзясяткаў стагоддзяў. Асабліва ўражвае, што ў руках старажытных майстроў аказваліся скамянеласці, якім ужо былі сотні мільёнаў гадоў.

Старажытныя ўпрыгажэнні са старажытнага матэрыялу

Найчасцей археолагі знаходзяць асобныя членікі сцябла з характэрнай скразной адтулінай у цэнтры. Гэтыя пацеркі могуць мець розныя формы: ад простых акруглых да складаных зоркападобных.

Пацеркі з акамянелых марскіх лілей, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі. Фота: тэлеграм-канал «Першабытная археалогія ў кантэксце»

Адзін з найбольш значных прыкладаў на Беларусі паходзіць з помніка Кавальцы 4. Тут знойдзены пацеркі з Crinoidea, якія датуюцца бёлінгскім пацяпленнем (інтэстадзіялам) — прыкладна 12 420 гадоў таму. Гэта азначае, што традыцыя выкарыстання такіх упрыгажэнняў вядомая яшчэ з позняга палеаліту.

У апошнія гады археолагі ўсё часцей знаходзяць падобныя артэфакты. Геаграфія знаходак ахоплівае розныя куткі Беларусі: Асавец 2 (Бешанковіцкі раён), Бярэшча 1 (Лепельскі раён), Задзеўскае 1 (Пастаўскі раён), Клішына 3 (Крупскі раён) і нават малое гарадзішча на Менцы эпохі ранняга жалезнага веку.

Аналогіі беларускіх знаходак вядомы з шэрагу помнікаў з тэрыторыі Еўропы, дзе яны былі выяўлены як у культурных напластаваннях, так і ў пахаваннях.

Кожнае такое адкрыццё дадае новыя штрыхі да разумення таго, як старажытныя людзі ўспрымалі прыродныя матэрыялы і выкарыстоўвалі іх у сваім побыце і абрадах.

Чытайце таксама:

Сакрэты пабудовы першага Менска: польскія тэхналогіі і святыя дрэвы для сцен

У беларускай вёсцы на Смаленшчыне знайшлі жудасную шасціпальцую руку, якой каля 7 тысяч гадоў

Ад клінапісу да вітражоў Сен-Дэні. Тэлеграм-каналы беларускіх гісторыкаў, на якія варта падпісацца

У Беларусі знайшлі касцяныя каралі ўзростам 5 тысяч гадоў

Каментары да артыкула