БЕЛ Ł РУС

Мэр Ліды: Маё сэрца заўсёды належала Расіі. Усебакова падтрымліваю тую місію, якую яна выконвае

13.08.2025 / 13:32

Nashaniva.com

Кіраўнік Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі прызнаўся ў адданасці Расіі і расказаў, як адпраўляў рэчы расійскім вайскоўцам на фронт.

Аляксандр Вярсоцкі. Фота: Лідскі райвыканкам

Аляксандр Вярсоцкі адкрыта распавёў пра свае пачуцці на сустрэчы з дэлегацыяй Шалабаліхінскага раёна Алтайскага края Расіі.

Прадстаўнікі Ліды правялі з гасцямі дыялогавую пляцоўку. Па следам гэтай сустрэчы Вярсоцкі пачаў прызнавацца ў любові да Расіі.

«Я заўсёды адчуваў і працягваю адчуваць асаблівае пачуццё да расіян. Гэта не фармальнасць, не спроба падстроіцца пад сітуацыю — гэта шчырая павага, якая фарміравалася з дзяцінства. Маё сэрца заўсёды належала Расіі. Я спачуваў яе камандам, перажываў за яе поспехі. Гэта пачуццё — не паказное, не часовое. Я пра гэта заўсёды казаў адкрыта — і працягваю казаць», — заявіў Версоцкі.

Ён дадаў, што цалкам падтрымлівае місію, якую выконвае Расія. Судзячы па кантэксце, Вярсоцкі мае на ўвазе вайну супраць Украіны.

«Сёння, як старшыня райвыканкама, я цалкам падтрымліваю тую місію, якую выконвае Расійская Федэрацыя. Мы разам дапамагалі — адпраўлялі гуманітарныя канвоі, збіралі рэчы для хлопцаў на лініі баявога судакранення. Гэта наш агульны клопат, наша агульная адказнасць», — сказаў кіраўнік Ліды.

Не так даўно Вярсоцкі адзначыўся яшчэ адным гучным выказваннем. Ён заклікаў сілавікоў не спыняць палітычныя рэпрэсіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула