БЕЛ Ł РУС

Сустрэча Пуціна і Трампа адбудзецца на вайсковай базе ЗША на Алясцы

13.08.2025 / 11:17

Nashaniva.com

15 жніўня ў Анкарыджы на Алясцы пройдзе саміт прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Паводле CNN, перамовы адбудуцца на Аб’яднанай вайсковай базе Элмендорф — Рычардсан, бо толькі гэтая пляцоўка здолела задаволіць патрабаванні Пуціна па бяспецы.

На аб’яднанай базе Элемендорф-Рычардсан (Аляска), 13 верасня 2024 года. Фота: Airman 1st Class Hunter Hites / U.S Air Force via AP

Белы дом першапачаткова імкнуўся пазбегнуць сітуацыі, калі расійская дэлегацыя апынецца на тэрыторыі амерыканскага вайсковага аб’екта, але іншых варыянтаў, якія адпавядалі б умовам бяспекі, у горадзе не знайшлі.

Дэталі саміту яшчэ канчаткова не ўзгоднены. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў ужо абмеркавалі «некаторыя аспекты падрыхтоўкі».

Трамп назваў сустрэчу «пробнай» і заявіў, што хоча асабіста паглядзець на Пуціна, каб «ацаніць сітуацыю».

Выбар Аляскі стаў вынікам працяглых кулуарных перамоў. Магчымымі варыянтамі разглядаліся Венгрыя і ЗША. Рашэнне ўскладнялася ордарам Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна. Трамп адзначыў, што лічыць важным крокам гатоўнасць Пуціна прыехаць у ЗША.

Сёння Трамп правядзе відэаканферэнцыю з еўрапейскімі лідарамі і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, а пасля — асобную сустрэчу з еўрапейскімі кіраўнікамі без удзелу Кіева. Паводле звестак Reuters, у ЕС існуюць засцярогі, што магчымая дамоўленасць паміж ЗША і Расіяй можа быць «неспрыяльнай для Еўропы і бяспекі Украіны».

Чакаецца, што Зяленскі не прыме ўдзелу ў саміце, таму трохбаковы фармат пакуль не разглядаецца.

Частка перамоў пройдзе ў фармаце «сам-насам» паміж Трампам і Пуціным.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула