Заснаваны беларусам стартап збіраецца купіць Google Chrome за $34,5 млрд
Паводле The Wall Street Journal, кампанія Perplexity, якая займаецца распрацоўкай штучнага інтэлекту, заявіла пра гатоўнасць набыць Chrome за 34,5 млрд долараў — суму, што значна перавышае ўласную ацэнку Perplexity ў 18 млрд долараў.
Восенню 2024 года Міністэрства юстыцыі ЗША прызнала Google манапалістам і дапусціла магчымасць падзелу кампаніі. Сярод мер разглядаецца прымусовы продаж браўзера Chrome, абавязак дзяліцца данымі з канкурэнтамі і абмежаванне выплат за права быць пошукавай сістэмай па змаўчанні на прыладах і ў браўзерах.
Як адзначае Bloomberg, патрабаванне прадаць Chrome можа стаць часткай антыманапольнай справы супраць Google, а прапанова Perplexity можа служыць сігналам суду аб наяўнасці зацікаўленага пакупніка.
Сваю зацікаўленасць у куплі Chrome таксама выказвалі Yahoo і OpenAI. Ацэнкі кошту Chrome вагаюцца ад 20 да 50 млрд долараў.
Chrome сёння мае каля 3,5 млрд карыстальнікаў па ўсім свеце і займае больш за 60% сусветнага рынку браўзераў. У Google сцвярджаюць, што прымусовы продаж «выхадзіць далёка за межы прававых пытанняў» і пашкодзіць спажыўцам.
Кампанію Perplexity заснаваў ураджэнец Гомеля Дзяніс Ярац сумесна з партнёрамі ў ЗША. Perplexity запусцілі ў 2022 годзе, а ў 2024-м праект стаў адным з самых дарагіх маладых стартапаў. Нядаўна яго ацанілі ў 18 мільярдаў долараў.
Днямі стала вядома, што Perplexity стварыла для сацсеткі Дональда Трампа Truth Social пашукавік Truth Search AI, які працуе на аснове штучнага інтэлекту.