БЕЛ Ł РУС

У Расіі выкладчыка бізнэс-школы прысудзілі да 16 гадоў па справе аб тэрарыстычным акце з-за атакі дронаў у Курску

12.08.2025 / 13:49

Nashaniva.com

Мужчыну каля дзвюх гадзін білі токам, пакуль ён не падпісаў «прызнанне ў выкананні заданняў украінскіх спецслужбаў».

Эльдар Марчанка. Фота: Медыязона

2-га Заходні акруговы вайсковы суд Яўген Зубаў прысудзіў 52-гадовага выкладчыка бізнэс-школы RMA і былога калумніста выдання «Вот так» Эльдара Марчанку да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму па справе аб здзейсненым групай асоб тэрарыстычным акце, што пацягнуў значную шкоду (пункты «а», «в» часткі 2 артыкула 205 КК), паведамляе «Медыязона».

Першыя пяць гадоў тэрміну Марчанка правядзе ў турме і толькі потым будзе пераведзены ў калонію строгага рэжыму.

Пракуратура прасіла прысудзіць яго да 19 гадоў строгага рэжыму — амаль максімальнага тэрміну па гэтым артыкуле.

Марчанку прызналі вінаватым у тым, што ён, па заданні ўкраінскіх спецслужбаў, прыехаў з Масквы ў Курск і «з дапамогай смартфона» перадаў куратарам каардынаты мясцовага аэрапорта. У выніку з тэрыторыі Украіны на Курск было накіравана не менш за два БПЛА, якія «не дасягнулі сваёй мэты».

Марчанка віну не прызнаў.

Эльдара Марчанку ўпершыню затрымалі 1 жніўня 2024 года. У яго доме ў Падмаскоўі прайшлі ператрусы, пасля якіх яго адвезлі ў ФСБ. Мужчыну каля дзвюх гадзін білі токам, пакуль ён не падпісаў «прызнанне ў выкананні заданняў украінскіх спецслужбаў».

У спрэчках бакоў пракурор Надзея Ціханава казала, што Марчанка прызнаў віну яшчэ да таго, як яго пасадзілі ў службовую машыну: «Падстаў прымяняць там да яго нейкі гвалт не было, яго і не прымянялі».

Пасля ператрусу Марчанку тройчы адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт. Пасля трэцяга арышту яго затрымалі на выхадзе са спецпрыёмніка і на наступны дзень у закрытым судовым пасяджэнні арыштавалі ўжо па крымінальнай справе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула