У Брэсцкім ІЧУ здарыўся пажар, ратавальнікаў не хацелі пускаць
8 жніўня ў ізалятары часовага ўтрымання Брэста здарыўся пажар, даведалася «Еўрарадыё» з уласных крыніц.
Гарэў дах установы, у будынку адключылася электрычнасць, і вязняў доўга не маглі з яго вывесці.
Пажар пачаўся раніцай у пятніцу і працягваўся прыкладна да абеду, якога ў вязняў у выніку не было.
Яшчэ перад тым яны заўважылі, што ў будынку пачаліся праблемы з вадой і святлом.
Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», абышлося без ахвяр.
Хаця канфлікт узнік паміж міліцыяй і ратавальнікамі, якіх не хацелі прапускаць на «рэжымны аб'ект». Таксама суразмоўца «Еўрарадыё» кажа, што ратавальнікі не змаглі падлучыцца да гідрантаў, і ваду давялося падаваць з-за межаў ізалятара.
Тым часам зняволеныя ў камерах разумелі, што адбываецца нешта надзвычайнае, але ім нічога не паведамлялі, піша выданне.
У зводках МНС за 8 жніўня згадак пра пажар у брэсцкім ІЧУ няма.
У гэты ізалятар прывозяць у тым ліку і «палітычных», напрыклад, людзей, затрыманых на ўездзе ў Беларусь за «экстрэмсцкія» падабайкі і спасылкі.