БЕЛ Ł РУС

У Польшчы ў беларускай сям’і забралі дзяцей з-за пратэрміноўкі ў афармленні дакументаў. Суд вярнуў дзяцей дадому

11.08.2025 / 15:10

Nashaniva.com

Раённы суд у Шчацінку пастанавіў вярнуць двух дзяцей беларускай сям’і, у якой іх раней забралі з-за несвоечасовага афармлення карты нараджэння малодшага дзіцяці, піша Most.

Ілюстрацыйнае фота

Галоўнай прычынай забрання дзяцей стала несвоечасовае афармленне і перадача карты нараджэння. Гэта магло здарыцца з-за памылак медыцынскага персаналу і недастатковай інфармаванасці бацькоў аб польскім заканадаўстве.

У студзені 2025 года ў беларускай сям’і, што пражывае ў Польшчы, нарадзіўся сын.

Бацькі не ведалі, што паводле закона доктар ці акушэрка павінны аформіць карту нараджэння дзіцяці на працягу трох дзён. Нягледзячы на спробы атрымаць дакумент у бальніцы і зарэгістраваць сына ў ЗАГСе, сканчэнне ўстаноўленага тэрміну зрабіла гэта немагчымым.

У Польшчы пасля нараджэння дзіцяці доктар або акушэрка абавязаныя на працягу 3 дзён аформіць карту нараджэння, а бацькі — на працягу 21 дня зарэгістраваць дзіця ва Управе запісаў актаў грамадзянскага стану (USC) асабіста або анлайн праз партал gov.pl. Пры рэгістрацыі дзіцяці прысвойваецца нумар PESEL і афармляецца прапіска (meldunek). Несвоечасовая падача дакументаў можа прывесці да адміністрацыйных наступстваў і ўскладніць атрыманне дапамогі, медыцынскага абслугоўвання — а ў некаторых выпадках нават да адабрання дзіцяці.

Уладальнік кватэры, з якім сям’я мела канфлікт, паведаміў пра сітуацыю ў гарадскі Цэнтр дапамогі сям’і. Неўзабаве ў дом прыйшла паліцыя і забрала абодвух дзяцей — месячнага хлопчыка і трохгадовую дзяўчынку. Гэта адбылося больш чым праз месяц пасля нараджэння сына. Дзяцей змясцілі ў сямейны дзіцячы дом.

Юрыдычная дапамога

Сям’і дапамаглі юрысты з Інстытута Ordo Iuris. Яны падалі ў суд хадайніцтва аб змене мер па справе і пра складанне акта нараджэння хлопчыка, паказаўшы, што бацькі здольныя забяспечыць дзецям годныя ўмовы жыцця і да адабрання належна пра іх клапаціліся.

9 ліпеня Акруговы суд у Шчацінку зацвердзіў акт нараджэння дзіцяці. А ўжо 24 ліпеня суд вынес рашэнне аб вяртанні дзяцей у бацькоўскі дом.

Сям’я будзе знаходзіцца пад наглядам судовага куратара і абавязана супрацоўнічаць з сямейным асістэнтам. Раз на паўгода бацькі павінны прадстаўляць куратару звесткі пра стан здароўя дзяцей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула