БЕЛ Ł РУС

У Іспаніі беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства

11.08.2025 / 8:20

Nashaniva.com

У Іспаніі ліквідавалі злачынную арганізацыю, якая займалася вытворчасцю і распаўсюджваннем кантрафактнай і кантрабанднай тытунёвай прадукцыі ў правінцыях Малага, Кордава і Севілья на поўдні краіны, паведамляе «Беларусь і свет» са спасылкай на Okdiario.

Фота: паліцыя Іспаніі

У ходзе аперацыі пад назвай Crujina быў затрыманы 21 чалавек, усе яны з’яўляюцца іспанцамі. Таксама на падпольных фабрыках знайшлі і вызвалілі 18 грамадзян трох краін — Беларусі, Кітая і В’етнама.

Паводле ацэнак праваахоўнікаў, вытворчая магутнасць гэтых прадпрыемстваў дасягала 8 мільёнаў цыгарэт у дзень, што ўяўляе сабой падатковую махінацыю на суму больш за 2 мільёны еўра ў дзень (паводле іх рынкавай вартасці).

У ходзе праведзеных ператрусаў агенты канфіскавалі абсталяванне і матэрыялы, звязаныя з незаконнай вытворчасцю, на суму больш за тры мільёны еўра. Эксплуатаваныя працаўнікі прыбылі ў Іспанію чатыры месяцы таму, ашуканыя арганізацыяй, якая вербавала іх праз сацсеткі ілжывымі прапановамі працаўладкавання ў будаўнічай сферы. Абяцалі плаціць ад 2 500 да 3 000 еўра ў месяц.

Тыя, хто адгукнуўся, уехалі ў краіну паветрам праз аэрапорт Малагі, дзе іх сустрэлі і даставілі ў фургонах на фабрыкі. Галоўная знаходзілася на аб’екце ў С’ера-дэ-Егуас — муніцыпалітэце ў Малазе з насельніцтвам 3 500 чалавек.

На фабрыках у прыбылых адабралі мабільныя тэлефоны. А затым больш за 100 дзён трымалі ў перапоўненых пакойчыках і прымушалі працаваць па 12 гадзін у суткі без аплаты — нібыта дзеля пагашэння меркаванага доўгу за дастаўку ў Іспанію.

У працаўнікоў былі толькі мінімальныя зручнасці — рукамыйнік, брудны душ, мікрахвалёўка… Вокны былі заклееныя плёнкай і кардонам, каб ніхто не мог іх убачыць звонку.

У вольны час адзіным заняткам было сядзець унутры, адрэзанымі ад знешняга свету. Фабрыка ў С'ера-дэ-Егуас была самай загружанай і актыўнай, але таксама працавалі пункты ў муніцыпалітэтах Асуна і Лусена. Тытунь вырабляўся масава і фасаваўся ў пачкі, што імітавалі розныя брэнды.

Мэтай расследавання паліцыі было знішчэнне фабрык і злачыннай арганізацыі. Агенты не чакалі, што падчас ператрусаў выявяць 18 эксплуатаваных людзей.

З іх 12 — грамадзяне Беларусі і Кітая — падалі хадайніцтва аб вяртанні ў свае краіны. Шасцёра в’етнамцаў, наадварот, папрасілі дазволу застацца ў Іспаніі.

Цяпер яны вывучаюць іспанскую мову і наведваюць курсы павышэння кваліфікацыі. Некалькі працадаўцаў ужо абяцалі даць ім працу пасля легалізацыі статусу.

Арыштаваным грамадзянам Іспаніі выстаўленыя абвінавачанні — у тым ліку ў гандлі людзьмі, падатковых махінацыях і кантрабандзе тытунёвых вырабаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула