Полк Каліноўскага больш не бярэ ўдзелу ў штурмах. Чаму так?
Былы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, а цяпер прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне Вадзім Кабанчук паведаміў «Люстэрку», што падраздзяленне больш не ўдзельнічае ў штурмавых аперацыях.
Вадзім Кабанчук. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Прынялі рашэнне, што максімальна беражом асабовы склад. Нас не так шмат, беларусаў, а штурмавыя задачы — гэта вельмі рызыкоўныя аперацыі. Цяпер нашы [байцы] займаюцца падтрымкай: артылерыйскай, дронавай, медыцынскай», — заявіў Вадзім Кабанчук.
Асноўны акцэнт цяпер робіцца на беспілотныя сістэмы, у тым ліку не толькі паветраныя, але і наземныя рабатызаваныя комплексы.
Колькасць беларусаў у палку Кабанчук не раскрыў, назваўшы гэта ваеннай тайнай, але адзначыў, што за тры гады праз падраздзяленне прайшло больш за тысячу чалавек — хтосьці застаецца ў службе, хтосьці ў рэзерве, іншыя цяпер у краінах Еўрасаюза ці ва Украіне.
На канферэнцыі «Новая Беларусь» баец палка Ігар Турцэвіч заклікаў дэмакратычныя сілы не забывацца пра добраахвотнікаў, падкрэсліўшы, што яны абмежаваныя ў магчымасці публічна выказвацца і што брэнд палка «церпіць бедства», бо пра яго, маўляў, амаль не згадваюць у СМІ.
Кабанчук з такой ацэнкай не згадзіўся, назваўшы сітуацыю працоўнымі і натуральнымі працэсамі, якія сведчаць пра жыццё і развіццё падраздзялення.
«Я б не называў гэта крызісам, сітуацыя тлумачыцца рознымі ратацыйнымі момантамі. Хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць, але падраздзяленне ўсё адно функцыянуе далей. У добраахвотніцкім руху заўсёды ідуць нейкія працэсы, гэта нармальна. Я гэта назіраў з 2014 года на прыкладзе ўкраінскіх добраахвотніцкіх фармаванняў. Гэта працоўныя моманты, якія сведчаць, што арганізм хутчэй жывы», — мяркуе прадстаўнік АПК.
Кабанчук таксама патлумачыў, чаму байцы палка не могуць свабодна размаўляць з журналістамі.
«Вайскоўцы УСУ на кантракце не маюць права займацца палітычнай дзейнасцю, — гаворыць ён. — Любы выхад у паблік павінен спачатку каардынавацца з рознымі службамі. Часам з-за армейскай бюракратыі гэта займае пэўны час. То-бок калі баец хоча нешта сказаць па актуальнай тэме, ён павінен атрымаць узгадненне, а гэта можа заняць час».
Раней Кабанчук прадстаўляў пастанову пра сацыяльныя гарантыі для добраахвотнікаў, прапануючы замацаваць за імі і іх сем’ямі права на пенсіі, дапамогі і іншыя формы падтрымкі.
Чытайце таксама:
У Варшаве прайшоў Марш Свабоды ФОТЫ
Мілінкевіч: Калі ў 2020 годзе ў беларусаў яшчэ быў геапалітычны выбар, то цяпер яго няма
Блогера Пятрухіна не пусцілі на «Новую Беларусь» — у выніку ён вёў стрым з-пад будынка
Ціханоўскі расказаў, што плануе рабіць падчас візіту ў ЗША і чым яму дапамог Пракоп'еў
Жыгар — Краўцову: Я табе асабіста аплачу квіток да Мінска, там і дамаўляйся з Лукашэнкам!