БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі расказаў, што плануе рабіць падчас візіту ў ЗША і чым яму дапамог Пракоп'еў

9.08.2025 / 17:14

Nashaniva.com

У кулуарах канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве Сяргей Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра свой запланаваны візіт у ЗША.

Святлана і Сяргей Ціханоўскія ў Варшаве 27 чэрвеня 2025 года. Фота: Getty Images

Сяргей Ціханоўскі ў каментары «Нашай Ніве» адзначыў, што падчас свайго візіту ў ЗША, які запланаваны на верасень, плануе сустракацца і з мясцовымі палітыкамі, і з беларускай дыяспарай.

«Яшчэ адзін кірунак, які прапанавала наша дыяспара, гэта выступленні ва ўніверсітэтах ЗША. У іх прынята, калі ўніверсітэт запрашае, то ён аплачвае пералёт, гатэль і нейкі ганарар. Гэта часткова можа быць нашым рашэннем праблем з лагістыкай», — сказаў ён.

Разам з камандай — яго памочнікам і аператарам — Ціханоўскі заедзе як мінімум у Нью-Ёрк, Вашынгтон, Філадэльфію, Маямі і Чыкага. Таксама яны наведаюць Канаду.

Візіт у Паўночную Амерыку будзе доўжыцца каля месяца і можа скончыцца ў кастрычніку, але падрабязнасцяў пакуль няма. 

У ЗША Ціханоўскі пабачыцца з грамадскім дзеячам і былым мінскім рэстаратарам Вадзімам Пракоп'евым. Той «дапамог трошкі з білетамі ў ЗША, сваімі фінансамі».

«Ён хоча трошкі мяне падрыхтаваць, правесці лікбез — тыднёвы трэнінг па амерыканскай палітыцы, унутранай і знешняй. Расказаць сваё меркаванне, як трэба рухацца», — дадаў Ціханоўскі.

Блогер кажа, што яго асноўная мэта візіту ў ЗША — вызваленне палітзняволеных. 

«У мяне ёсць свае ідэі, якія ніяк не звязаныя з Пракоп'евым. І я хачу гэтыя ідэі данесці да адміністрацыі Трампа. Хачу падзякаваць Дональду Трампу за сваё вызваленне», — адзначыў Ціханоўскі.

Свае ідэі Ціханоўскі пакуль не раскрывае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула