Сітуацыя, якая выйшла з-пад кантролю. Чым скончыўся суд над хлопцам з аўтызмам, які штурхнуў у краме вазок з дзяўчынкай
У 22-гадовага хлопца ў маі гэтага года адбыўся нервовы зрыў у краме. З-за сэнсарнай перагрузкі Саша ўдарыў нагой вазок, у якім сядзела маленькая дзяўчынка. У краму прыехала міліцыя, Сашу адвезлі з брыгадай хуткай у Навінкі, але хутка адпусцілі дадому. Была заведзена крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Чым скончылася гісторыя, піша Onliner.by.
Фота: Onliner.by
Здарэнне, што адбылося 11 мая, маці хлопца Наталля патлумачыла «мелтдаўнам» — рэакцыяй мозгу на празмерную сэнсарную нагрузку. Так супала, што ў той дзень жанчына з сынам змянілі традыцыйны маршрут і апынуліся ў перапоўненай краме (людзям з аўтызмам цяжка пераносіць незнаёмую абстаноўку). Алергія, шмат людзей, яркае святло і безупынны плач дзіцяці — усё гэта прывяло Сашу да зрыву.
— Я бачыла, як у яго дрыжалі рукі, бачыла, як у яго «паплылі вочы», ён увесь час паказваў мне на выхад. Але я не магла выйсці: мыла ўжо распячатана, яго трэба прабіць, а чэргі вялізныя. Падышла да касы самаабслугоўвання, адцягнулася на манітор — і тады ўсё адбылося. Думаю, што Саша нават не зразумеў, што ў вазку дзіця. Калі яму раней было дрэнна, ён мог ударыць нагой па сцяне або па агароджы.
Увечары ў нядзелю 11 мая, калі ў краме было шмат людзей, дарослы хлопец ударыў нагой вазок, у якім знаходзілася незнаёмая маленькая дзяўчынка. Вазок перакуліўся, і разам з ім — дзіця: дзяўчынка ўдарылася аб падлогу і заплакала. Маці дзяўчынкі ўзяла яе на рукі і спрабавала супакоіць. А Саша, замест таго каб папрасіць прабачэння, пачаў адбіраць дзіця ў бацькоў. Пазней на месца прыехалі міліцыя і хуткая.
«Калі я азірнулася, убачыла, што вазок ляжыць на баку, дзіця разам з ім перакулілася. Потым Саша чамусьці пабег адбіраць гэту дзяўчынку ў бацькоў… Я не адразу зразумела, усё адбылося даволі імкліва. Думаю, што ён проста хацеў «выправіць сітуацыю». Ён спалохаўся таго, што адбылося, і хацеў вярнуць усё, як было — то бок пасадзіць дзіця назад у вазок», — так у інтэрв’ю Наталля апісвала падзеі таго дня.
Потым было разбіральніцтва з міліцыяй, а праз некалькі гадзін Сашу на хуткай у суправаджэнні маці адвезлі ў Навінкі. Адтуль пасля настойлівых просьбаў маці хлопца яго адпусцілі «пад распіску».
Нягледзячы на дыягназ хлопца, у дачыненні да яго была заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкула 339 КК Беларусі. У пастанове аб перадачы справы ў суд гаварылася, што Аляксандр нанёс удар нагой па вазку «з хуліганскіх пабуджэнняў». Яго дзеянні былі кваліфікаваныя, што «груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства». З дакумента вынікае, што пацярпелая дзяўчынка атрымала драпіны ў цемянной вобласці, а таксама сінякі на ножках. Удакладняецца, што цялесныя пашкоджанні «не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці».
Судова-псіхіятрычная экспертыза паказала, што па сваім псіхічным стане Аляксандр «не мог усведамляць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі». Для такіх выпадкаў прадугледжаныя «прымусовыя меры бяспекі і лячэння», што выключае стандартнае пакаранне па гэтым артыкуле (арт. 101 КК РБ). Найбольш непрыемнае, што магло здарыцца з Сашам пасля суда, — гэта накіраванне ў стацыянар.
Фота: Onliner.by
Суд Савецкага раёна г. Мінска разглядаў справу ў закрытым рэжыме, таму Наталля не магла раскрываць падрабязнасці пасяджэння і падзялілася толькі выніковым рашэннем. Сашу прыгаварылі да прымусовага амбулаторнага назірання і лячэння. Гэта значыць, што хлопца не забяруць у стацыянар.
— Амбулаторнае лячэнне прадугледжвае наведванне ўрача-псіхіятра ў псіхіятрычным дыспансеры на Бехцерава на працягу паўгода — года. Папярэдне збіраецца камісія, якая вызначае схему лячэння. Наведванне ўрача прадугледжваецца з інтэрвалам раз у месяц, — удакладніла маці.
Паводле слоў Наталлі, учора яна ўжо пабывала з сынам на кансультацыі ў доктара. Сашу прызначылі антыдэпрэсанты, пры гэтым папярэдзілі маці, што, хутчэй за ўсё, хлопцу давядзецца прымаць нейралептыкі.
— Я патлумачыла, што Саша спакойны, і яму не патрэбныя таблеткі. Але мне сказалі, што медыкаментознае лячэнне ўсё ж будзе. Яшчэ адзін нюанс дыспансера — гэта жывыя чэргі. Там вельмі шумна — для Сашы гэта складаная абстаноўка. Таму зараз у нас такая сістэма: я прыходжу і займаю чаргу, а тата разам з Сашам чакаюць у машыне. Калі чарга падыходзіць, я ім тэлефаную — яны падымаюцца. Учора мы чакалі амаль дзве з паловай гадзіны.
Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці з паходамі да доктара, у цэлым Наталля лічыць прысуд суда справядлівым і дадае, што ўпершыню за тры месяцы «пачула палягчэнне».
— Я рада, што гэтая гісторыя нарэшце скончылася. І яшчэ раз хачу падкрэсліць, што гэта была адзінкавая сітуацыя. Калі б я ведала, што ў краме будзе шмат людзей, я б узяла з сабой навушнікі з падаўленнем шуму. Калі б ведала, што ў яго з’явіцца алергія — паклала б у сумку антыгiстамінныя сродкі. Калі б раней такое здаралася — увогуле не пайшла б у краму. Але, на жаль, усё прадбачыць немагчыма.