БЕЛ Ł РУС

«Нам здавалася, што мы мелі справу з сур'ёзнымі людзьмі». Эйсмант пакрыўдзілася на публікацыю Шустэра

8.08.2025 / 22:30

Nashaniva.com

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант расказала Беларускаму тэлебачанню пра тое, як рыхтавалася інтэрв'ю яе шэфа амерыканскаму выданню Time. І хоць Эйсмант, праходжваючыся з супрацоўніцай БТ у інтэр'ерах Палаца Незалежнасці, старалася паказаць, што ўсё прайшло па плане, адна кінутая ёй фраза сведчыць пра тое, што ў выніку атрымалася не зусім тое, што чакалася.

Наталля Эйсмант падчас інтэрв'ю. Скрыншот з відэа

Можна меркаваць, што Лукашэнка і ягонае атачэнне найбольш незадаволеныя тым, што журналіст Сайман Шустэр не абмежаваўся падрыхтоўкай самога інтэрв'ю як такога, а паралельна з гэтым падрыхтаваў таксама вялікі тэкст, у якім даволі падрабязна расказаў пра тое, як яно здымалася, апісаўшы таксама агульны палітычны кантэкст.

Эйсмант расказвае прапагандыстцы з БТ пра тое, што на інтэрв'ю з Лукашэнкам выстройваецца чарга, а Time быў выбраны з шэрагу іншых таму, што звярнуўся самым першым. Між тым Шустэр у сваім тэксце расказвае, што ініцыятыва адносна інтэрв'ю, наадварот, паходзіла ад беларускага боку. Больш таго — за тое, каб амерыканцы пагаварылі з Лукашэнкам, у Мінску былі гатовыя выданню нават заплаціць і спецыяльна прыцэньваліся. 

Наталля Эйсмант, згадваючы пра тое, што пасля запісу інтэрв'ю журналіст папрасіў два тыдні на тое, каб яго падрыхтаваць і выставіць, кінула, гаворачы пра згоду на гэта, фразу: 

«Нам здавалася, што мы мелі справу з сур'ёзнымі людзьмі».

Сама яна развіваць гэту тэму далей не стала, але за яе гэта зрабілі праўладныя прапагандысты, з каментароў якіх відаць, што дзеянні Шустэра лукашыстаў сур'ёзна зачапілі. Прытым прапагандысты па сваёй завядзёнцы не звярталіся да эзопавай мовы, а гаварылі ўсё, як звычайна ў іх водзіцца, цалкам адкрыта і нават па-хамску.

У тэлеграм-канале «Жоўтыя злівы» працытавалі гэтую самую фразу Эйсмант і далі да яе свой разняволены каментарый, які расшыфроўвае, што менавіта яна мела на ўвазе:

«Тэт-а-тэт з Бацькам журналіст круціўся вазелінавым уюном, але друкаваная версія для амерыканцаў была крыху іншай, мякка кажучы».

Яшчэ больш рэзкім быў Рыгор Азаронак:

«Напрыдумляў там, што па тыпу там яму хтосьці тэлефанаваў, там яшчэ чагосьці. Сёмачка, ну так не трэба! Хлусіць-то так не трэба, Сёмачка! Што за казлы! Што за казлы? Цябе прэзідэнт сустракае, шчыра табе расказвае нешта».

Чытайце таксама:

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

«Вельмі заклапочаныя». Лукашэнка расказаў, як на ягоныя спробы перамаўляцца з амерыканцамі рэагуюць у Расіі

Лукашэнка: Калі ўступіць у вайну з Украінай, Беларусь не зможа ўтрымаць фронт

Лукашэнка: Трамп — балбатун, раніцай гаворыць адно, вечарам робіць іншае

Лукашэнка пра магчымасць балатавацца на яшчэ адзін тэрмін: Трампу хутка 80, і ён прыстойна выглядае

Каментары да артыкула