БЕЛ Ł РУС

«Вельмі заклапочаныя». Лукашэнка расказаў, як на ягоныя спробы перамаўляцца з амерыканцамі рэагуюць у Расіі

8.08.2025 / 16:25

Nashaniva.com

Амерыканскі журналіст Сайман Шустэр падчас інтэрв'ю запытаўся ў Лукашэнкі, ці не выклікаюць зафіксаваныя апошнім часам ягоныя спробы наладзіць адносіны з ЗША негатыўнай рэакцыі з боку Расіі. 

Лукашэнка і Сайман Шустэр падчас інтэрв'ю

Лукашэнка не стаў адмаўляць, што пэўныя праблемы ў гэтым плане ўзнікаюць. Маўляў, у Расіі ёсць розныя людзі і ставяцца яны па-рознаму. 

«Ёсць людзі, якія вельмі заклапочаныя. І дзіўна, што гэтыя людзі ўваходзяць у кабінеты Міністэрства замежных спраў, Адміністрацыі прэзідэнта і гэтак далей». 

Па яго словах, напярэдадні інтэрв'ю ён атрымаў нейкі дакумент на гэтую тэму, які ў ягонай адміністрацыі спрабавалі аналізаваць. Маўляў, цяпер з Беларуссю працуюць расійскія дыпламаты, якія працавалі на Захадзе яшчэ ў часы Барыса Ельцына, і вось яны стараюцца ацаніць сітуацыю. І сярод таго, што яны пішуць, сцвярджаецца, што Беларусь вярнулася да палітыкі шматвектарнасці, і гэта кепска.

«Самі праводзяць шматвектарную палітыку, а нам нельга», — абураецца Лукашэнка.

Такой думкі прытрымліваецца, як ён сцвярджае, «адна група людзей», на чале якой — «салідны інстытут». Раскрыць яго назву Лукашэнка адмовіўся, адно толькі сказаў, што гэта не расійскае МЗС. Гэтыя людзі, маўляў, пішуць гэта ўсё і адпраўляюць у розныя высокія расійскія інстанцыі, на што ён збіраецца скардзіцца Пуціну.

Што да камунікацыі з самім Пуціным, то Лукашэнка гаворыць, што ён асабіста яму заўваг на гэты конт нібыта не рабіў, але «ведаючы характар Уладзіміра Уладзіміравіча, ён абсалютна цвярозы ў ацэнцы сітуацыі, у яго можа і закрадаюцца нейкія сумневы». Ніколі, праўда, пра гэта не гаворыць, але «я дапускаю, што можа быць, можа быць».

Усё гэта, вядома, Лукашэнку непрыемна, але небяспекі ў гэтым ён не бачыць, бо «асноўны трэнд — поўная падтрымка нашай пазіцыі і поўнае ўзаемаразуменне». 

Увогуле расіянам Лукашэнку няма ў чым, маўляў, папракаць. 

«Мы ніколі не адмаўлялі, што мы суагрэсары з Расіяй. Так, мы суагрэсары», — некалькі разоў паўтарыў ён. 

Маўляў, калі амерыканцам хочацца так лічыць, то хай так і будзе, а ён з-за гэтага ўвогуле «не парыцца».

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Калі ўступіць у вайну з Украінай, Беларусь не зможа ўтрымаць фронт

Лукашэнка пра магчымасць балатавацца на яшчэ адзін тэрмін: Трампу хутка 80, і ён прыстойна выглядае

Амерыканскі журналіст Шустэр расказаў, як яго ўгаворвалі зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам. Нават прапаноўвалі грошы

Лукашэнка назваў разню ў Бучы добра спланаванай акцыяй

Лукашэнка: Трамп — балбатун, раніцай гаворыць адно, вечарам робіць іншае

Каментары да артыкула