Як зараз выглядае магіла Алеся Пушкіна ФОТАФАКТ
Адзін з вернікаў наведаў магілу вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні два гады таму ў гарадзенскай турме, піша katolik.life.
Вернік, які сам быў асуджаны і пасля вызвалення застаўся ў Беларусі, ушанаваў памяць мастака, якому магло споўніцца 6 жніўня 60 гадоў.
Пушкіна пахавалі на яго радзіме — у вёсцы Бобр Крупскага раёна.
На надмагільным камені ўсталяваны сціплы, але адмысловы, мастацка аформлены помнік: каваны крыж з беларускімі сімваламі, з выявамі кветак, што нібыта прабіваюцца праз рашотку. Крыж накрывае церневы вянец, пад ім — нацыянальная сімволіка.
На зваротным баку шыльды выбіты словы верша Аляксандра Лукашука, на якія напісаў песню «Калыханка» Лявон Вольскі.
- ...І голасу ўсіх не пазбавяць,
- Толькі цябе.
- І не пазбавяць усіх Радзімы,
- Толькі цябе.
- І ў турму ўсіх ня кінуць,
- Толькі цябе.
- І на вайне ўсіх не заб’юць,
- Толькі цябе.
- Але любіць будуць
- Толькі цябе.
- І памінаць у малітве будуць
- Толькі цябе,
- Бо голас Беларусі
- Толькі ты.